Усе трацяць розум ад жаночага футбола, акрамя беларусаў. Разбіраліся чаму
"Футбалісткі менш сімулююць на полі. Хлопцы пры першым жа зручным выпадку ўпадуць. А дзяўчаты будуць да канца змагацца" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Тэлеаўдыторыя ў жаночага Еўра-2022 сёлета была большая, чым у трансляцыі плацінавага юбілею каралевы Лізаветы. Жаночы футбол ва ўсім свеце набірае папулярнасць. Вы здзіўлены, таму што, хутчэй за ўсё, не сочыце за жаночым футболам. Пакуль што.
Калі жаночая беларуская каманда ФК "Мінск" гуляла з "Барселонай", гледачоў ледзь набралася на невялікі клубны стадыён на Маякоўскага. А цяпер уявіце, што было б, калі б гаворка ішла пра мужчынскую "Барселону"?
Беларускі журналіст і футбольны аналітык Дзмітрый Сіняк, які нядаўна ўвайшоў у трэнерскі штаб найлепшай жаночай каманды Украіны "Жылбуд-2", растлумачыў нам, у чым прыгажосць жаночага футбола. І асобна — чым ён добры ў Беларусі. Пачытайце, і калі наступны раз жаночая "Барселона" прыедзе ў Мінск, — ідзіце на стадыён.
"Дзяўчаты не скардзяцца і не сімулююць"
— У часе гэтага Еўра многія неафіты жаночага футбола казалі, што ён аказаўся больш сумленным, чым мужчынскі. Што гэта значыць?
— Футбалісткі менш сімулююць на полі. Хлопцы ўпадуць пры першым жа зручным выпадку, каб зарабіць фол. А дзяўчаты будуць да канца спрабаваць устояць на нагах.
І яны не скардзяцца. Гэта вам скажа любы трэнер, які працуе ў жаночым футболе. Траўмы ў дзяўчат могуць быць больш сур'ёзнымі, чым у хлопцаў, але яны будуць трываць да апошняга. Калі футбалістка скажа, што ёй баліць, то, значыць, траўма дакладна сур'ёзная.
І ў іх больш сумленнае, больш шчырае стаўленне да футбола. І гэта пры тым, што заробкі ў жаночым футболе ў разы саступаюць заробкам у мужчынскім. Але часам дзяўчаты да такой ступені любяць гульню, што адмаўляюцца ад больш высокааплатных прац дзеля яе.
— А адкуль такая розніца ў заробках? Вунь продажы квіткоў на Еўра-2022 былі цалкам сабе шалёныя.
— Сёння жаночы футбол усё яшчэ з вялікай цяжкасцю зарабляе на жыццё нават у Заходняй Еўропе. І я не думаю, што клубы цяпер гатовыя забяспечваць больш высокія заробкі футбалісткам без прыцягнення сродкаў з мужчынскіх камандаў. Напрыклад, да пандэміі ў сярэднім на матчы наймацнейшага жаночага дывізіёна Англіі хадзіла ўсяго 3 тысячы гледачоў. Цяпер гэтая лічба стала меншая практычна ў два разы.
Выкажу здагадку, што топавы футбаліст Прэм'ер-лігі за год прадае ў некалькі разоў больш маек са сваім прозвішчам, чым усе футбалісткі ў Англіі. У пытанні заробкаў усё залежыць ад рынку і аўдыторыі, якая гатовая плаціць. Мужчынскі футбол больш папулярны, спонсары гатовыя ў яго ўкладваць грошы. Ад гэтага і такі разрыў.
Я ўпэўнены, што большасць футбалістак з беларускіх прафесійных камандаў гуляюць не дзеля грошай, а таму што ім проста падабаецца гэтая гульня. Яны бачаць сябе і ўсё сваё жыццё ў ёй.
"Прыйшоў на стадыён — сустрэў АМАП"
— Але чаму ўсёй гэтай футбольнай энергіі не адчуваюць гледачы? Чаму той жа матч з жаночай "Берселонай" ледзь сабраў невялікі стадыён?
— Хоць калі б прыехала мужчынская каманда "Барселоны", можна было б сабраць любы стадыён у Беларусі. Так, мы ўсе жывём стэрэатыпамі. Так, жаночы футбол саступае мужчынскаму ў хуткасцях, рабоце з мячом. Але хоць жаночы футбол менш хуткасны, ён больш шчыры.
А ў цэлым у Беларусі не ходзяць нават на мужчынскі футбол. У нас вельмі распешчаная публіка. Так, калі БАТЭ гуляў супраць топавых еўрапейскіх камандаў, поўныя стадыёны збіраліся. Але калі да нас прыязджалі слабейшыя каманды, аншлагу не было.
Даўно час прызнаць, што Беларусь — не футбольная краіна, і культуры хварэння ў нас няма. На Захадзе сем'і трацяць цэлы дзень, каб правесці яго на футболе. На стадыён едуць з самай раніцы — і там, на стадыёне, ужо створаны ўсе ўмовы для адпачынку.
А ў нас, ідучы на матч, ты на ўваходзе сустракаеш АМАП. Прайшоў агляд — пачынаюцца праблемы з установамі грамадскага харчавання і зонамі адпачынку. А потым яшчэ і каманда не заўсёды дэманструе добры ўзровень гульні. Дый самі клубы далёкія ад сваіх заўзятараў. І ўсё гэта разам не робіць нашаму футболу добрай рэкламы, якая магла б прымусіць людзей масава хадзіць на матчы.
— Значыць, адзіны шанец гуляць перад захопленай публікай — з'ехаць з Беларусі? Сёлета беларускі сыходзілі ў топавыя еўрапейскія клубы?
— Так, 2022 год багаты на добрыя пераходы. Ганна Сас стала другой беларускай у Бундэслізе за ўсю гісторыю нашага жаночага футбола — з'ехала ў адну з самых моцных ліг на планеце. Яна маладая, досведу ў яе яшчэ няшмат, і таму паўнавартасна загуляць у нямецкім чэмпіянаце не ўдалося. Але сам факт пераходу важны, таму што апошні раз у Бундэслізе беларуская футбалістка гуляла 20 гадоў таму.
А днямі беларуска Карына Альховік перайшла ў клуб з італьянскай Серыі А, Ганна Казюпа падпісала кантракт з адной з наймацнейшых камандаў Венгрыі. Раней нашы дзяўчаты ў асноўным з'язджалі гуляць у чэмпіянат Расіі, што лічылася "столлю" ў развіцці. Аднак не скажу, што пераход нашых гульцоў у заходнія чэмпіянаты гаворыць пра рост жаночага футбола ў Беларусі — хутчэй актывізацыя працы агентаў на гэтым рынку.
— А беларускую футбалістку ў замежным клубе лёгка пазнаць? У нас ёсць нейкі асаблівы стыль гульні?
— Я дагэтуль не магу адказаць на пытанне, чаму нашы дзяўчаты саступаюць суседзям у антрапаметрыі. Калі ўзяць сярэднестатыстычную футбалістку з Украіны, Расіі ці Польшчы, то яна будзе крыху вышэйшая, крыху шырэйшая ў плячах і крыху хутчэйшая ў бегу, чым беларуска.
Паглядзіце на фота, дзе наша зборная выходзіць супраць умоўных нарвежак: саперніцы вышэйшыя, шырэйшыя. І гэта прыўносіць спецыфіку ў характар гульні. Калі мы не можам перабегчы, калі мы не можам пераштурхаць, значыць, трэба рабіць стаўку на цягавітасць і працаваць з мячом.
Наш чэмпіянат вылучаецца тым, што дзяўчаты імкнуцца гуляць тэхнічна, праз сярэдні і кароткі пас, праз камбінацыі. Ва Украіне і Расіі большасць клубаў гуляюць прасцей: адабралі мяч у сваёй штрафной, б'юць наперад — і ўся каманда пабегла. Паглядзіце на матчы ўмоўных маскоўскага "Лакаматыва" або крыварожскага "Крыўбаса" — топавых клубаў у сваіх краінах. У Беларусі падобная тактыка таксама сустракаецца, але куды радзей.
"У 15 гадоў нашы дзеці ўжо адстаюць ад найлепшых футбольных краін"
— А што з навучаннем? Для хлопчыкаў створана больш магчымасцяў трэніравацца?
— У нас ужо даўно з'явіліся чыста дзявочыя каманды пры клубах і ДЮСШ: яны ёсць ледзь не ў кожным райцэнтры. Праблема ў тым, што не стае кадраў: і саміх дзяцей, і трэнераў, якія з імі працуюць. Прычым як у жаночым футболе, так і ў мужчынскім.
Дзесьці не стае кваліфікаваных спецыялістаў, дзесьці інвентару — палёў, мячоў. І ўсё гэта прыводзіць да таго, што нашы дзеці ўжо гадоў у 15 адстаюць па ўсіх параметрах ад аднагодкаў з найлепшых футбольных краін. Са сталеннем разрыў у класе толькі павялічваецца. Як у мужчынскім, так і ў жаночым футболе. А нагнаць упушчанае ў такім узросце ўжо складана, таму ў дарослым футболе трэнерам даводзіцца запаўняць прабелы ў падрыхтоўцы на юнацкім узроўні. І таму замежныя дзеці "больш футбольныя", чым нашы. На жаль.
— Ну добра, жаночыя футбольныя каманды ў нас ёсць. Але ці значыць гэта, што дзяўчатам у школах заўсёды ёсць з кім гуляць? У гэтых камандах ёсць хоць бы 11 чалавек?
— Так, не заўсёды. І часцей за ўсё з недаборамі сутыкаюцца на перыферыі. Тады трэнеры проста дадаюць дзяўчатак у каманды хлопчыкаў.
Гэта нармальная сусветная практыка. Напрыклад, у Нідэрландах і ў іншых перадавых футбольных краінах дзяўчаткі і хлопчыкі разам трэніруюцца да 12 гадоў. Гэта дапамагае дзяўчатам працаваць з мячом на адным узроўні з хлопцамі.
Але ў 12 гадоў у дзяўчат пачынаецца актыўная фаза росту. І сумесныя заняткі становяцца небяспечнымі, таму што дзяўчаты папросту становяцца буйнейшымі. Праз год ужо ў хлопчыкаў пачынаецца ўсплёск росту. Але некаторыя дзяўчаты і пасля 12 гадоў трэніруюцца з хлопцамі — у іх не застаецца выбару праз адсутнасць сваёй каманды. І часам гэта плюс: хлопцы ў футболе мацнейшыя, у іх вышэйшая хуткасць, ім лепш даецца работа з мячом, і дзяўчаты аказваюцца ва ўмовах, калі ім даводзіцца працаваць на такім самым узроўні і больш высокіх хуткасцях.
— А сексізм у жаночым футболе ёсць? Для трэнера, напрыклад, пераход у жаночы клуб — гэта "паніжэнне"?
— Вядомыя трэнеры, якія перайшлі ў жаночы футбол, у далейшым самі прызнавалі ў інтэрв'ю: спачатку яны лічылі, што гэта паніжэнне, а калегі глядзелі на іх з усмешкай. Але потым папрацавалі з дзеўкамі, убачылі іх палымяныя вочы і зразумелі, што тут такі самы футбол, што і ў мужчын. Толькі ў ім лягчэй дамагчыся вынікаў, таму што меншая канкурэнцыя.
Але так, сярэдні трэнер з мужчынскага футбола будзе топавым у жаночым. Гэта непрыемна прызнаваць, але пакуль рэаліі такія. Я пакуль не памятаю прыкладаў, каб тытулаваны трэнер у мужчынскім футболе перайшоў працаваць у жаночы. Хоць не выключаю, што ў будучыні магчымыя такія прыклады.
— Заробкаў няма, гледачоў — таксама няма. На чым наогул трымаецца беларускі жаночы футбол?
— Футбол заўсёды трымаўся на энтузіястах. Возьмем самы паспяховы жаночы футбольны клуб у Еўропе — "Ліён". З 2016 года каманда шэсць разоў выйгравала Лігу чэмпіёнаў. У французскага клуба за гэты час былі розныя трэнеры, прыходзілі і сыходзілі гульцы, але нязменным заставаўся ўладальнік і дырэктар Жан-Мішэль Ала. Пераходы футбалістак, перамовы са спонсарамі — усім займаецца ён. Адсюль і поспех. Думаю, не будзе ў футболе Ала — скончыцца эра дамінавання "Ліёна".
Падобны прыклад з беларускага футбола — гэта БАТЭ і Анатоль Капскі. Пакуль Капскі-старэйшы быў жывы, у барысаўчан усё было добра. Яны годна гулялі ў еўракубках, таму і з грашыма ў клуба была стабільнасць. Але Капскі памёр — і БАТЭ паступова пачаў дэградаваць. Настолькі моцным быў уплыў функцыянера на поспехі клуба.
У беларускім жаночым футболе таксама шмат што залежыць ад босаў на месцах. За поспехам любога жаночага клуба стаіць энтузіяст-кіраўнік. Ён шукае футбалістак, ён падбірае трэнера, ён стварае ўмовы для развіцця.
Аднаму выцягнуць клуб складана, але такія выпадкі ёсць. Напрыклад, Мікалай Касаткін і яго "Бабруйчанка". Так, у апошнія гады ў каманды мала што атрымліваецца, але ў пачатку нулявых яна дайшла да чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў. Ні да, ні пасля ні адзін беларускі клуб да такой стадыі еўракубкаў не дабіраўся.
Касаткін займаецца ўсім — і пошукам фінансавання, і камплектацыяй каманды. І трэніруе таксама ён.
А для магілёўскай "Надзеі" гэтым энтузіястам быў Аляксандр Ластачкін. Пры ім у беларускім футболе адкрылі шмат імёнаў. Ластачкін не баяўся прывозіць і маладых замежных футбалістак: у Магілёве раскрыліся малдаванка Наталля Мунцяну, украінкі Анастасія Філенка і Таццяна Казырэнка.
Вынікі Еўра: "Ні за кога не хварэў, але магу сказаць, каго мне было шкада"
— А на Еўра за каго перажывалі вы?
— Напэўна, я забіў у сабе футбольнага заўзятара. Больш сачу за трэнерамі, чым за камандамі. Калі гаварыць пра Еўра, то мне было важна, што цікавага пакажуць зборныя, якія трэнды зараджаюцца ў жаночым футболе, што магу забраць у сваю практыку.
Але магу сказаць пра каманды, якіх мне было шкада. Напрыклад, партугалкі глядзеліся нядрэнна, але ім банальна не пашанцавала. Мне было шкада Данію, нашмат большага чакаў ад Нарвегіі. Словам, ставала нечаканасцяў у гэтым Еўра.
У многіх камандаў быў добры футбол. Проста ў англічанак ён аказаўся больш практычным, ну і свае трыбуны дапамаглі.
— А вам бывае "шкада" мужчынскія каманды?
— Гэта не залежыць ад таго, пра жаночы футбол гаворка або пра мужчынскі. Кожная каманда — гэта велізарная праца футбалістаў, трэнераў, адміністрацыйнага штаба, кіраўнікоў. Калі пачаў працаваць у футболе знутры, зразумеў, як шмат працы робіць кожны клуб пры падрыхтоўцы да матча, але перамагае на полі ўсяго адзін.
А футбол — гэта яшчэ і шкода здароўю. Гэта не фізкультура, гэта спорт. Бываюць траўмы, бываюць нават лятальныя канцы. І не толькі ў футбалістаў. Трэнеры адчуваюць каласальныя псіхалагічныя і фізічныя перагрузкі ў часе матчаў. Калісьці чытаў, што заходнія навукоўцы прызналі працу трэнераў адной з самых небяспечных у свеце. Успомніце вялікага Валерыя Лабаноўскага, у якога ў часе матча здарыўся інсульт. У галоўнага трэнера жодзінскага "Тарпеда" Якава Шапіры быў інфаркт проста на лаўцы запасных. На жаль, лекарам не ўдалося выратаваць абодвух вядомых трэнераў.
Сам да і ў часе матчаў хвалююся, але стараюся, каб гэта не было відаць падапечным — нервовасць можа лёгка перадацца на каманду. Дакладна гэтаксама перажываюць і іншыя трэнеры. Таму шкада любую каманду, калі яна прайграе.
— Усе — ад брытанскага прэм'ера да гледачоў, якія ўпершыню бачылі жаночы футбол, — захапляюцца перамогай англійскіх "Ільвіц". А вы яшчэ напярэдадні чвэрцьфіналу пісалі, што ніводная з камандаў вас не ўразіла дастаткова моцна, каб хварэць за яе ў фінале.
— На буйных турнірах ад камандаў не варта чакаць эксперыментаў, таму ўражанняў аказалася мала. Практычна ўсе зборныя згулялі на сваім узроўні і дэманстравалі звыклы футбол. На такіх спаборніцтвах трэнеры будуць імкнуцца да таго, каб гульня была зразумелая іх падапечным. І калі стратэгія гульні пачне змяняцца ў часе важнага турніру, гэта можа прывесці да катастрофы. Гульцы могуць проста не паспець зразумець свежую задуму трэнера.
Так што ў фінале англічанкі думалі не пра тое, каб гуляць ярка, а пра тое, як выйграць і заваяваць тытул. Таму было далёка ад відовішчнага футбола.
— А што глядзець, каб убачыць яркі футбол?
— Для пачатку трэба разабрацца ў сваіх футбольных густах, а потым шукаць каманды, дзе працуюць трэнеры, якія прапаведуюць такі ж стыль. Камусьці падабаюцца частыя перакаты мяча, камусьці, наадварот, даспадобы хуткія пераводы з адной паловы поля на другую. Знайдзіце каманду пад свой густ і за яе хварэйце. Дзяўчаты гэта будуць або хлопцы — усё роўна. Але лепш, вядома ж, падтрымліваць каманду з свайго роднага горада, у якой бы лізе яна ні гуляла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.