Чаму ўсе пачалі шалець ад жаночага футбола? І дзе вы былі 100 гадоў таму?

Здаецца, пасля поспеху Еўра-2022 спонсары будуць бегаць за футбалісткамі, а не наадварот / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Здаецца, пасля поспеху Еўра-2022 спонсары будуць бегаць за футбалісткамі, а не наадварот / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Больш за 87 тысяч чалавек на англійскім стадыёне "Уэмблі" бачылі, як жаночая зборная Англіі абгуляла нямецкіх саперніц. І мільёны сачылі за гэтым матчам па тэлевізары.

Аўдыторыя гэтай трансляцыі на брытанскім ТБ была большая, чым у плацінавага юбілею каралевы! А напярэдадні матча ліст з пажаданнямі перамогі футбалісткам адправіў прэм'ер-міністр. "Я спадзяюся, што вы гэтаксама ганарыцеся сабой, як вамі ганарыцца Англія", — сказана ў лісце. А яны тады яшчэ нават не сталі чэмпіёнкамі!

Што адбываецца? Чаму ўсе вакол раптам пачалі сачыць за жаночым футболам? Рэч не толькі ў тым, што гэта прыгожа.

 

Хто гуляў у футбол у Першую сусветную? Жанчыны!

Вось што, напрыклад, раней стрымлівала ад гэтых фенаменальных поспехаў у гледача пераможцаў цяперашняга Еўра, брытанскіх "Ільвіц"? Спартыўныя аглядальнікі ВВС пішуць, што адна з прычын застою — забароны.

Почему все начали сходить с ума по женскому футболу? И где вы были 100 лет назад
Футбалісткі ў часе Першай сусветнай вайны / footballandthefirstworldwar.org

У гады Першай сусветнай вайны жанчыны гулялі адчайна, у тым ліку таму, што мужчынам было не да футбола. Пакуль мужчынскія зборныя былі на фронце, англічане глядзелі на гульню жаночых.

Вы толькі ўявіце: у 1920 годзе матч дзвюх жаночых камандаў-фаварытаў паглядзелі 53 тысячы гледачоў. І яшчэ больш за 10 тысяч не змаглі трапіць на стадыён.

Але ў 1921 годзе брытанскія спартыўныя чыноўнікі вырашылі, што футбол — гэта не жаночы спорт. Паўнамоцтваў забараніць гуляць у футбол наогул у чыноўнікаў не было, але чыноўнікі былі хітрыя. Кіраўнічы орган футбольных асацыяцый Англіі забараніў жанчынам гуляць на любой са сваіх пляцовак. І гэтая забарона дзейнічала 50 гадоў!

Калі яе нарэшце адмянілі, англічане ўжо адвыклі глядзець на жаночы футбол.

 

Ды вы сексіст!

Ведаеце, каму можна заявіць гэта проста ў твар? Ды аўтарам 20% пастоў у сацсетках, зробленых у часе групавых этапаў Еўра-2022!

УЕФА налічыла ў сацсетках за час гэтых матчаў 300 абразлівых пастоў. А нямецкія журналісты вяшчальных кампаній ARD і NRD і газеты Süddeutsche Zeitung прааналізавалі іх. І аказалася, што пятая частка гэтых абраз былі сексісцкія.

Почему все начали сходить с ума по женскому футболу? И где вы были 100 лет назад
Футбол / pixabay

Дарэчы, удзельнікі мужчынскай зборнай Англіі аб'ядналіся з "Ільвіцамі" у барацьбе з сексізмам. Будзь як круты футбаліст з Англіі — стрымайся і не напішы сексісцкі каментар пад гэтым матэрыялам.

 

А яшчэ няма грошай

Сур'ёзныя спонсары ў жаночага футбола яшчэ толькі пачынаюць з'яўляцца. І інвестыцый у жаночы футбол усё яшчэ нашмат менш, чым у мужчынскі.

І заробкі меншыя. Выданне Football London піша:

"Нягледзячы на рост папулярнасці і ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, жанчынам-футбалісткам па-ранейшаму плацяць значна менш, чым іх калегам-мужчынам. Жаночая гульня набірае абароты, але яны ўсё яшчэ моцна адстаюць з пункту гледжання заробкаў".

Не верыце? Глядзіце. Выданне Sport Bible падлічыла, што самай высокааплатнай футбалісткай усіх часоў была амерыканка Карлі Лойд. Яна выйшла на пенсію ў 2021 годзе, а да гэтага зарабляла каля 516 тыс. еўра ў год. Цяпер самым высокааплатным гульцом у жаночы футбол лічыцца брытанка Сэм Кэр з "Чэлсі" — яна зарабляе больш за 478 тыс. еўра ў год. Уражальныя лічбы, праўда?

Почему все начали сходить с ума по женскому футболу? И где вы были 100 лет назад
Футбалісткі ўсё яшчэ зарабляюць менш, чым футбалісты / pixabay

Але давайце параўнаем: самы высокааплатны футбаліст у свеце — Ліянэль Месі. І ён зарабляе больш за 74 млн еўра ў год! Вернемся да Еўра-2022. Кожная з футбалістак "Ільвіц" атрымае бонус — 66 тыс. еўра — за перамогу ў Еўра. А ўдзельнікі мужчынскай каманды атрымалі больш за 300 тысяч толькі за тое, што выйшлі ў фінал!

Але часы мяняюцца. Прынамсі, у нацыянальных зборных некаторых краін мужчынам і жанчынам за матчы плацяць аднолькава. Сярод такіх краін — Вялікабрытанія, Бразілія, Аўстралія і Нарвегія.

Почему все начали сходить с ума по женскому футболу? И где вы были 100 лет назад
Ліянэль Месі / pixabay

Добра, цяпер брытанскія "Львіцы" паказалі спонсарам, што тым ёсць, у што ўкладвацца. І здаецца, цяпер спонсарам давядзецца за імі бегаць, а не наадварот. Прынамсі, брытанская футбалістка Алекс Скот сказала, што больш не мае намеру іх угаворваць. Вам не цікава? Цягнік сыходзіць без вас.

 

"Я на кручку"

BBC Sport напярэдадні матча пыталася ў аматараў футбола, чаму яны зацікавіліся жаночымі гульнямі.

— Раней мяне ніколі не хваляваў жаночы футбол, а цяпер я падсеў на яго. Гэта быў глыток свежага паветра — жорсткія, трывалыя і сумленныя, цудоўныя футбалісты з выдатнымі навыкамі,кажа адзін з суразмоўцаў BBC.

 

Мільярд чалавек ужо ў справе

Але Еўра-2022 — не першая паспяховая серыя гульняў з пункту гледжання цікавасці гледачоў. Чэмпіянат свету па футболе 2019 года на ўсіх платформах паглядзелі каля 1,12 мільярда чалавек, піша CNN. А фінал, у якім сышліся каманды з ЗША і Нідэрландаў, стаў самым папулярным матчам жаночага чэмпіянату свету за ўсю гісторыю.

Почему все начали сходить с ума по женскому футболу? И где вы были 100 лет назад
Эла Тун, удзельніца зборнай Англіі, радуецца першаму голу ў фінале Еўра-2022 / englandfootball.com

У жывым эфіры яго глядзелі больш за 82 млн чалавек. Гэта напалову больш, чым у часе папярэдняга чэмпіянату свету ў 2015 годзе. Карацей, гэта непазбежна: жанчыны ў справе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі