Ускладніўся шлях з ЕС у Беларусь праз Калінінград — СМІ

КПП "Мамонава-2" у Калінінградскай вобласці

КПП "Мамонава-2" у Калінінградскай вобласці / ТАСС

Шлях з ЕС у Беларусь праз Калінінград для беларуса можа стаць балючым, калі ў яго пашпарце знойдуць штампы пра наведванне Украіны. У гэтым выпадку беларускага грамадзяніна чакае гутарка з супрацоўнікам расійскага ФСБ, піша рэсурс "Вот так".

Выданне прыводзіць некалькі аповедаў падарожнікаў. Адзін з іх — Ігар. Ён кажа, што для яго "Калінінград — самы блізкі і зручны транзітны пункт па дарозе ў Беларусь". Гэтым маршрутам ён ездзіў практычна кожны месяц, і з беларускім пашпартам на мяжы ніколі не было праблем. Ва Украіне ён бываў да 2021 года, у пашпарце ёсць адзнакі пра гэта. Раней расійскія памежнікі пыталі пра мэты ягоных паездак ва Украіну, але без асаблівага энтузіязму. Апошні раз яго запрасілі на гутарку з чалавекам у цывільным.

"ФСБшнік з ходу перайшоў да пагроз. Гэта быў рэзкі кантраст з трохі флегматычнай і разняволенай манерай зносін памежніка. Думаю, ён хацеў узяць мяне страхам", — кажа Ігар. Суразмоўца Ігара сцвярджаў, што ў ФСБ на яго ёсць нейкая інфармацыя датычна яго паездак ва Украіну і ўдзелу ў беларускіх пратэстах. "А на заканчэнне ўсяго ён паабяцаў перадаць мяне беларускаму КДБ", — расказвае мужчына. Але потым супрацоўнік ФСБ прапанаваў усё выправіць і расказаць пра знаёмых беларусаў і расіян, якія альбо збіраюцца ваяваць за Украіну, альбо данацяць УСУ, альбо збіраюць грошы на дроны і іншы рыштунак. У выніку Ігара адпусцілі, і ён вярнуўся ў Польшчу.

Такая ж гісторыя адбылася з яшчэ адным беларусам, Дзмітрыем. Мужчыну, які ехаў у Калінінград, таксама адвялі на размову з супрацоўнікамі ФСБ. У яго пашпарце былі адзнакі пра наведванне Украіны. Пааводле выдання, цяпер "супрацоўнікі бяспекі" абавязкова гутараць з кожным чалавекам, які мае ўкраінскае грамадзянства, адзнакі ў пашпарце пра наведванне Украіны (незалежна ад тэрміну даўніны) або нарадзіўся ва Украіне (ці нават ва Украінскай ССР). Прычым гэта адносіцца як да тых, хто заязджае, так і да тых, хто выязджае з Расіі.

Дадамо, што Калінінград — зручны транспартны хаб для тых, хто хоча трапіць з ЕС у Беларусь. Тут можна хутчэй прайсці мяжу, а потым прыляцець у Мінск на самалёце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі