“Усё ў руках Лукашэнкі”. Ці варта здымаць санкцыі з беларускага калію?

У ААН прапануюць зняць санкцыі з беларускага калію / Еўрарадыё
У ААН прапануюць зняць санкцыі з беларускага калію / Еўрарадыё

Генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш хоча, каб Еўрасаюз аслабіў санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Дастаўка калійных угнаенняў, на яго думку, дапаможа спыніць голад у свеце. Артыкул вакол сітуацыі з беларускім каліем на мінулым тыдні выпусціў амерыканскі часопіс Politico.

Пазіцыю генсека ААН блакуюць краіны Балтыі і Польшча, заяўляючы, што ціск на Беларусь і Расію мае вырашальнае значэнне для спынення вайны ва Украіне — і яго варта працягваць любой цаной.

Літоўскія палітыкі, як і беларуская апазіцыя, перакананыя, што адмена санкцый пойдзе на карысць толькі дзяржаўнаму “Беларуськалію”, які фактычна трымае манаполію на здабычу калію і калійнай солі, на якія багатая краіна. Калій — гэта дойная карова для беларускага ўрада, тлумачаць праціўнікі адмены санкцый.

“Сёння існуюць краіны, дзе ёсць голад, але сусветнага голаду няма”, — рэагуе на словы Гутэрыша эканаміст і палітолаг Уладзімір Кавалкін, з якім Еўрарадыё паразмаўляла пра сітуацыю вакол беларускага калію.

“Усё ў руках Лукашэнкі”. Ці варта здымаць санкцыі з беларускага калію?
Уладзімір Кавалкін / Еўрарадыё

Уладзімір Кавалкін: Калій — зразумела, гэта вельмі важнае рэчыва, з якога робяцца ўгнаенні, каб павысіць ураджай. І калі так мала краін мае калій, скарачэнне прапановы можа адбівацца на кошце вырабу калію і павышаць у тым ліку цэны на ежу. Але гэта не так радыкальна, як падае піяр.

Чаму гэта цікава Гутэрышу? Таму што ААН — гэта арганізацыя, мэта якой — мір ва ўсім свеце і супрацоўніцтва. То-бок Гутэрыш распрацоўвае, як кажуць, тую тэму, за якую атрымлівае грошы. Трэба разумець, што гэта грошы не з кішэняў Лукашэнкі і Пуціна, а грошы ААН.

Чаму пра гэта кажуць Пуцін і Лукашэнка? Для іх гэта зразумелы рычаг удзелу ў міжнароднай палітыцы. Каб быць пачутымі, яны выкарыстоўваюць розныя сродкі: шантаж каліем, а да таго гэта былі нафта, газ, людзі з Блізкага Усходу і гэтак далей. Гульцоў шмат — інтарэсаў шмат. Сітуацыя з розных бакоў выглядае па-рознаму.


Еўрарадыё: Беларусь сапраўды пастаўляла ўгнаенні ў краіны, якім пагражае голад?      

Уладзімір Кавалкін: Мы не ведаем, прамыя гэта былі пастаўкі ці не, але свет глабальны. То-бок калі Беларусь пастаўляла нават не ў тыя краіны, якім пагражае голад, нейкія іншыя краіны пастаўлялі. І калі прапанова калію на сусветным рынку падае, гэта азначае, што краінам, якім пагражае голад, будзе цяжэй закупляць гэты калій. Цяжэй не з таго боку, што яго ўвогуле не будзе, а з таго, што цана вырасце так, што харчаванне стане вельмі дарагім для гэтых людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі