Узнагароджаныя 27 загінулых удзельнікаў беларускіх пратэстаў і добраахвотнікаў
Медаль "Гонар і Годнасць" / t.me/CabinetBelarus/
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі паведаміў, што ўзнагароджвае медалём "Гонар і Годнасць" 27 загінулых удзельнікаў беларускіх пратэстаў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны. Адзначаецца, што ўшаноўваюцца асобы, якія "праявілі выключную адданасць у барацьбе за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці, дэмакратыю і правы чалавека, і страцілі ў гэтай барацьбе свае жыцці".
Медалі з пасведчаннямі блізкім узнагароджаных збіраецца ўручыць кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская на ўрачыстай цырымоніі. Імёны ўзнагароджаных "з меркаванняў бяспекі для іх блізкіх" не агучваюцца, аднак практычна ўсе яны вядомыя, змяшчаліся ў СМІ.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет зацвердзіў медаль за служэнне Беларусі пад назвай "Гонар і Годнасць" у сярэдзіне лютага. Лозунг "Беларусь перадусім" на адваротным баку медаля выклікаў дыскусіі ў сацсетках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.