"Спрэчны" або "недарэчны"? Фрыдман пра лозунг "Беларусь перадусім" на медалі
"А ці патрэбная сёння, у тых умовах, у якіх знаходзіцца Беларусь, дыскусія на такія тэмы?" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Спрэчны лозунг на медалі "Гонар і годнасць" можа раз'яднаць беларусаў замест таго, каб іх аб'яднаць, лічыць гісторык і палітолаг Аляксандр Фрыдман. Пра заснаванне медаля заявіў Пераходны кабінет, мяркуецца, што ёю будуць узнагароджваць "за служэнне Беларусі".
На адваротным баку медаля — лозунг "Беларусь перадусім", праз які ўзнагарода была ўспрынятая, мякка кажучы, неадназначна.
— Гэты лозунг узнік у Заходняй Беларусі ў адпаведным гістарычным кантэксце і быў звязаны з барацьбой супраць польскага панавання. Чалавек, які выступіў з гэтым лозунгам, быў адным з ідэолагаў беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, — нагадвае Фрыдман пра гістарычны кантэкст з'яўлення лозунгу.
Ён тлумачыць: гэтая партыя ў пэўным сэнсе спрабавала стварыць беларускую версію нямецкага нацыянал-сацыялізму. Дапусцім, надзвычайным гэта не было: у Еўропе хапала партый, маргінальных рухаў, якія арыентаваліся і на італьянскі фашызм, і на нямецкі нацыянал-сацыялізм.
— Праблема, з майго гледзішча, у тым, што гэты лозунг выкарыстоўваўся Саюзам беларускай моладзі ў часы нямецкай акупацыі. Гэта не адзіны лозунг, які яны выкарыстоўвалі, але яго выкарыстоўвалі ў тым ліку. Так што пэўны шлейф за гэтым лозунгам цягнецца. І тут, вядома, пытанне: як мы яго разглядаем?
Мы разглядаем яго ў гістарычным кантэксце — як ён паўстаў? Ці глядзім на далейшую гістарычную кампаненту: хто выкарыстаў яго ў далейшым?
І гэта складанае пытанне: мы ж ведаем, што ў часы нямецкай акупацыі бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўвалі людзі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі. Ці перакрэслівае гэта ўсю яго гісторыю? Ці азначае гэта, што ім больш нельга карыстацца? Але нацыянальнымі сцягамі карысталіся розныя калабаранты па ўсёй Еўропе. Тое самае з гэтым лозунгам.
Фрыдман старанна падбірае словы і прапануе называць гэты лозунг "спрэчным". Гісторык перакананы: цяпер не час для спрэчных лозунгаў.
— Гэта пытанне, якое выклікае дадатковыя дыскусіі. Але гэта не гістарычная дыскусія. Гэта палітычная дыскусія. І я б, хутчэй, задаў такое пытанне: а ці патрэбная сёння, у тых умовах, у якіх знаходзіцца Беларусь, дыскусія на такія тэмы?
Тым больш, дыскусія, якая супернікамі дэмакратычнага руху можа быць выкарыстаная супраць яго? Выкарыстаная для таго, каб прадставіць беларускія дэмсілы ў якасці руху, які спачувае нацызму або арыентуецца на яго?
Поўную версію размовы галоўнага рэдактара Еўрарадыё Паўла Свярдлова з гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.