"Вагнеравец" правёў ваенна-медыцынскую падрыхтоўку са спецназам у Беларусі
Інструктар-"вагнеравец" навучае спецназаўцаў унутраных войскаў РБ
Інструктар-"вагнеравец" правёў ваенна-медыцынскую падрыхтоўку з байцамі спецпадраздзяленняў у Беларусі. Тэарэтычныя і практычныя заняткі прайшлі 25 студзеня ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў. Прэс-служба ўнутраных войскаў РБ паведамляе, што расійскі найміт знаёміў беларусаў з рознымі аптэчкамі, "даваў парады, абапіраючыся на свой баявы вопыт". Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню відаў траўмаў і раненняў, спосабам аказання першай дапамогі пры іх.
Падрыхтоўка "вагнераўцамі" падраздзяленняў спецназу ўнутраных войскаў РБ пачалася яшчэ летась. Намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў заяўляў, што найміты з РФ "будуць перадаваць свой бясцэнны баявы вопыт". Над навучальным цэнтрам "Валоўшчына" пад Мінскам летам 2023-га нават узнялі сцяг ПВК "Вагнер".
Мяркуецца, што група "вагнераўцаў" магла атрымаць беларускае грамадзянства, бо без яго яны б не маглі служыць у органах унутраных спраў. У іх з'явіўся свой шаўрон.
У чацвер пра "інкарпарацыю баевікоў ПВК "Вагнер" у структуры ўнутраных войск МУС Лукашэнкі" падчас сустрэчы ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы згадаў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.