Вайна на Блізкім Усходзе падзяліла нават супрацоўнікаў McDonalds
McDonald's
Прадстаўніцтвы McDonald's у некаторых мусульманскіх краінах заявілі аб нязгодзе з ізраільскім McDonald's, піша Reuters.
У Ізраілі гэтая сетка хуткага харчаваньня паабяцала бясплатныя пачастункі для ізраільскіх вайскоўцаў. У сваіх акаўнтах у сацсетках сетка абвясціла, што ўжо выдала тысячы бясплатных абедаў для салдатаў ЦАХАЛ і ўсіх, "хто ўдзельнічае ў абароне краіны, бальніц і прылеглых тэрыторый".
Франшызы McDonald's ў Саудаўскай Аравіі, Амане, Кувейце, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Іарданіі і Турцыі выступілі з заявамі, у якіх адмежаваліся ад дзеянняў сваіх ізраільскіх калегаў.
McDonald's — гэта глабальная сетка, але яе франшызы часта належаць рэгіянальным уладальнікам і працуюць аўтаномна адна ад адной і ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі супольнасцямі, калі ў гэтым ёсць патрэба.
"Мы пацвярджаем, што гэта было індывідуальнае рашэнне з іх (ізраільскага) боку, — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва McDonald's у Саудаўскай Аравіі. — Ні глабальны McDonald's, ні мы, ні якая-небудзь іншая краіна не мелі ніякага дачынення да гэтага рашэння, ні прама, ні ўскосна".
Каля 1,3 тыс. ізраільцянаў былі жорстка забітыя палестынскай групоўкай ХАМАС 7 кастрычніка. З тых часоў у выніку ізраільскіх бамбардаванняў у сектары Газа загінула каля 3 тыс.чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.