velcom канчаткова стаў А1, але захавае беларускую мову ў піяр-кампаніях
З 12 жніўня мабільны аператар velcom застаецца ў мінулым — ён ператвараецца ў тэлекамунікацыйнага аператара А1. Абаненты ўжо заўважылі гэта — назва сеткі змянілася ў іх смартфонах.
Змяніўся і афіцыйны сайт аператара — замест velcom.by гэта цяпер a1.by. А кароткі нумар службы падтрымкі A1 — не 411, як было раней у velcom, а 150.
“Альфа” і eSIM
Разам з рэбрэндынгам А1 выпускае ўласны смартфон “Альфа”, распрацаваны кампаніяй ZTE. Апарат мае дысплэй з дыаганалью 6,2”. Танны працэсар прылады не дазволіць камфортна праводзіць час у сучасных гульнях.
Яшчэ адна навінка: першым з беларускіх аператараў А1 запускае тэхналогію eSIM, віртуальны профіль карыстальніка, які фізічна ўяўляе з сябе не звыклую сім-карту, а асобны няздымны чып на плаце смартфона. Праз eSIM кожны абанент можа адначасова карыстацца паслугамі пяці розных мабільных аператараў і лёгка паміж імі пераключацца. Важная рэч, пра якую не варта забывацца, — тэхналогію eSIM пакуль што падтрымліваюць толькі апошнія мадэлі iPhone (XS, XS Max, XR), смартфон Google Pixel, планшэты Apple і Microsoft Surface, а таксама разумныя гадзіннікі Apple, Samsung і Huawei.
Цікава, што ў Расіі ФСБ і "Вялікая тройка" расійскіх мабільных аператараў выступілі супраць eSIM. Аператары асцерагаюцца канкурэнцыі з боку кампаній, якія пасля ўкаранення тэхналогіі змогуць прадаваць іх паслугі віртуальна. У сілавікоў жа свой інтарэс: пытанні прыватнасці ідэнтыфікацыі карыстальнікаў.
Калі ў красавіку Еўрарадыё пыталася ў velcom | A1 пра магчымы запуск eSIM, кампанія адказала, што "працуе над праектам”. Аднак адказ, які мы атрымалі, слова ў слова паўтараў каментарый для СМІ, які прадстаўнікі кампаніі давалі ў 2017 годзе. Мы ж думалі, што гэта адпіска. Але высветлілася, што над праектам сапраўды працавалі.
voka cinema і ScreenX
Гуляць дык гуляць. На сённяшнай прэзентацыі A1 абвясціў, што ў верасні адкрые першую ў СНД кіназалу з экранам ScreenX. Гэта такая зала, дзе экранамі з’яўляюцца тры сцяны з чатырох, што забяспечвае глыбокі эфект паглыблення. Прадстаўнікі кампаніі абяцаюць, што ўсе кінапрэм’еры будуць трапляць на экраны сучаснай залы адначасова са звычайнымі кінатэатрамі.
Свой кінатэатр velcom cinema кампанія вырашыла пераіменаваць у voka cinema.
Роўмінг з Расіяй і беларуская мова ў pr
А вось па пытанні саюзнага роўмінгу вялікага прагрэса пакуль няма. Кіраўнікі A1 адзначылі, што перамовы ідуць, але яны пакуль далёкія ад завяршэння. Адзін з галоўных спрэчных момантаў для беларускага аператара — роўныя ўмовы для абодвух бакоў.
Запыталіся ў босаў A1 і пра беларускую мову, якую кампанія часта выкарыстоўвае ў сваіх pr-праектах і знешніх камунікацыях. Нас заверылі, што кампанія не збіраецца ад яе адмаўляцца. А колькасць праектаў, накіраваных на развіццё беларускай мовы і культуры, будзе толькі пашырацца.