Віцебскія ўлады адмовіліся назваць вуліцу імем Генадзя Бураўкіна
Генадзь Бураўкін у Віцебску, 2013 год / Сяржук Серабро
У Віцебску пакуль не будзе вуліцы імя паэта Генадзя Бураўкіна. З просьбай або перайменаваць адну з наяўных вуліц, або назваць новую ў гарвыканкам звярталіся складальнікі петыцыі. Днямі яны атрымалі адказ, расказвае віцебская "Вясна".
У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Паўла Манака, гаворыцца, што "мэтазгодней" ушанаваць памяць выбітнага паэта і грамадскага дзеяча ў Мінску, Полацку ці Расонах. Паводле чыноўніка, з гэтымі населенымі пунктамі жыццёвы і творчы шлях Бураўкіна звязаны больш цесна.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся і вырас у Віцебскай вобласці. Нарадзіўся ў Расонскім раёне, дзяцінства правёў у Полацку. Бураўкін быў не толькі таленавітым паэтам, але і грамадскім дзеячам. З 1978 года кіраваў Дзяржаўным камітэтам БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 года быў пастаянным прадстаўніком спачатку БССР, а потым і Беларусі пры ААН. Быў чальцом Беларускага ПЭН-цэнтра (1989) і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Быў намеснікам міністра культуры. Бураўкіна не стала ў 2014-м.
Пасля яго адыходу віцебская абласная рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярталася да тагачаснага прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна. Чальцы рады прапаноўвалі назваць у гонар Бураўкіна вуліцы ў Мінску, Полацку, Расонах і прысвоіць яго імя адной з бібліятэк у Віцебскай вобласці. Ніводная з гэтых прапаноў так і не была рэалізаваная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.