Вольга Карач: Жанчынам варта ўсвядоміць каштоўнасць фінансавай незалежнасці

Еўрарадыё: Сярод апазіцыі пачаліся дыскусіі наконт вылучэння адзінага кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Ніколі ў гісторыі беларускіх выбараў не было кандыдата-жанчыны. Ці рэальна гэта, каб да 2015 года такая кандыдатка з’явілася?

 

Вольга Карач: Я лічу, што гэта цалкам рэальна і цалкам верагодна. Лукашэнку вельмі лёгка рабіць кампанію чорнага піяру супраць мужчын, у яго было 18 гадоў, каб патрэніравацца. З жанчынай-кандыдатам сітуацыя цяжэйшая, бо ў нашым грамадстве існуюць гендэрныя стэрэатыпы, і калі мужчына пачынае атакаваць жанчыну — гэта выстаўляе яго не ў лепшым свеце, нават перад кансерватыўным электаратам. Памятаю сваю кампанію на мясцовых выбарах 2003 году, я тады перамагла ў першым туры і была адзінай жанчынай, якая перамагла ў першым туры і адзіным прадстаўніком апазіцыі ў Віцебскім гарсавеце. І ў мяне былі вельмі добрыя канкурэнты, вельмі моцныя і паважаныя ў раёне мужчыны, але з-за таго, што людзі стаміліся, яны прагнулі цалкам апазіцыі ва ўсім. Таму я думаю, што пол можа граць важную ролю ў прэзідэнцкай кампаніі, бо і сам Лукашэнка грае з гэтымі гендэрнымі ролямі і моцна іх выкарыстоўвае, акрамя таго, ёсць страхі, асабліва ў рэгіёнах, што можна абраць другога Лукашэнку. На мой погляд, кандыдат-жанчына магла б гэтыя страхі нівеляваць.

 

Еўрарадыё: я пагаджуся, што рэжым, магчыма, і не даў бы збой, аднак, момант разгубленасці ад таго, што апазіцыю прадстаўляе кандыдат-жанчына быў бы. Але можа ўзнікнуць пытанне-стэрэатып, што зробіць адна жанчына сярод “зграі мужчын”, бо палітыка ў “вышэйшых эшалонах” у нас мае ўсё ж такі мужчынскі твар?

 

Вольга Карач: Так, але калі я ўзгадваю сваю дэпутацкую перадвыбарчую кампанію, што было сведчаннем сілы — гэта каманда. Акурат паказчык наяўнасці каманды дэманструе, што чалавек можа дамаўляцца, можа вырашаць спрэчкі, можа шукаць нейкія кампрамісы. Гэта важна для нашага грамадства. Атрымалася так, што за 18 гадоў у палітычнай сферы дамінуе мужчынскія паводзіны і мужчынскія метады вырашэння канфліктаў. Вельмі заўважна, як Аляксандр Лукашэнка вырашае канфлікты з ЕС, ЗША і Расіі. Часцяком важней для яго — прадэманстраваць тое, што ён вырашыў, чым дамагчыся кампрамісу. На жаль, эмоцыі ў мужчын у палітыцы, як ні дзіўна, гуляюць куды большую ролю чым у жанчын.

 

Еўрарадыё: Абстрагуючыся ад палітыкаў пры ўладзе, як лічыце палітыкі-апазіцыянеры мужчыны ўспрымаць палітыкаў жанчын не толькі як партнёраў, але як паўнавартасных канкурэнтаў.

 

Вольга Карач: У прынцыпе, яны так і ўспрымаюць. У беларускай апазіцыйнай прасторы сёння адзін супраць усіх.

 

Еўрарадыё: Калі мы паглядзім на досвед нашых суседзяў, то ў Літве прэзідэнт — жанчына, ва Ўкраіне таксама ёсць моцная палітык жанчына, у Латвіі была прэзідэнтам жанчына. Беларусь на гэтым фоне неяк цьмянее, чаму? Беларускія жанчыны камплексуюць перад мужчынамі?

 

Вольга Карач: Калі параўноўваць еўрапейскі фемінізм з беларускай сітуацыяй, то там жанчыны даўно адказалі на пытанні, якія беларускія жанчыны сабе яшчэ і не пачыналі задаваць. У Беларусі так склалася, магчыма, пасля Другой сусветнай вайны, калі стала мала мужчын, так што жанчыны вельмі часта павінны былі кіраваць там, дзе яны і не хацелі, гэта не было іх патрэбай. Сёння гэтая тэндэнцыя таксама заўважная, скажам, на ўзроўні сельскіх саветаў. Бо ў сённяшніх беларускіх вёсках тая ж праблема — мала мужчын. Можа, жанчыны, і хацелі сядзець дома і выхоўваць дзяцей. Можа, пра варыць боршч і сказала Лідзія Ярмошына, але яна добры голас менавіта гэтай сістэмы. Зразумела, патрэбны час, і я ўжо бачу новае пакаленне маладых жанчын з добрай адукацыяй, з добрымі лідарскімі задаткамі, якія ўсведамляюць, што яны б хацелі нечага большага, перабудаваць традыцыйную мадэль сям’і. Цяпер час вялікай дыскусіі ў нашым грамадстве: што ёсць сям’я, якую ролю яна выконвае ў грамадстве, як людзі падзяляюць абавязкі. Зразумела, што традыцыйная структура будзе мяняцца, але гэта будзе нялёгкі працэс.

 

Еўрарадыё: Ці гатовыя мужчыны ў працэсе змены мадэлі традыцыйнай сям’і пачуць жанчын?

 

Вольга Карач: Лёгка не будзе. Калі мужчына робіць кар’еру і з-за таго, што дома яго абслугоўваюць, робяць умовы, каб ён адпачыў. Гэта карысна ў першую чаргу для мужчыны, але жанчына становіцца закладніцай такой сітуацыі. Бо з часам высвятляецца, што ўвесь час яна клапацілася пра сям’ю, але не клапацілася пра сябе, пра сваю кар’еру, пра сваю эканамічную незалежнасць. Чалавечая натура такая, што калі адзін чалавек залежыць ад іншага, то не заўсёды, але часцяком, пачынаюцца нейкія маніпуляцыі. У сітуацыі, калі жанчыне сорак гадоў, муж зарабляе больш, і раптам развод: дзеці застаюцца з жанчынай, кар’еры няма, заробку прыстойнага няма, яна не можа і сябе, і дзяцей забяспечыць. Таму нашым беларускім жанчынам варта ўсвядоміць і пераасэнсаваць, што фінансавая незалежнасць з’яўляецца каштоўнасцю.

 

Еўрарадыё: Цікава, ці можа дзяржава гэта пераасэнсаваць, бо менавіта дзяржава стрымлівае эканамічную незалежнасць жанчын.

 

Вольга Карач: Так, бо дзяржаве, як і большасці мужчын, эканамічная незалежнасць жанчын нявыгадная. Нявыгадна па тых жа прычынах, бо ёсць дармовая праца. У нас нават традыцыйныя жаночыя прафесіі: настаўнікі, лекары, чыноўніцы на нізкіх пасадах, сакратаркі, судзі, а там невысокія заробкі. Атрымоўваецца, што дзяржава недаплачвае жанчыне. Дзяржава карыстаецца тым, што жанчына будзе выконваць працу, бо жанчына хоча самарэалізацыі, павагі, таму што адказная, па розных прычынах. І ў нас атрымоўваецца абсурдная сітуацыя, калі паглядзець на тое, хто больш атрымлівае вышэйшую адукацыю, то гэта жанчыны. У нас адукацыя бясплатная, атрымліваецца, што дзяржава ўкладае сродкі ў адукацыю жанчын, падрыхтоўвае спецыялістаў, аднак жанчыны не могуць рэалізавацца напоўніцу ў гэтай сістэме, і грошы дзяржаве не вяртаюцца. Шведы добра рабілі падлік, яны падлічылі, што калі ў краіне няма гендэрнай роўнасці (бо жанчыны больш падрыхтаваныя, больш адукаваныя), то ў бюджэт недапаступаюць 30 % грошай. Вось, уявіце , калі з-за гендэрнай роўнасці ў нас паступала б на 30 % болей у бюджэт, то, можа, і не трэба было бы крэдыты браць у Расіі. Гэта чалавечы патэнцыял, чалавечы рэсурс. На маю думку, дзяржава выкарыстоўвае працоўны патэнцыял жанчын не лепшым чынам.

 

Еўрарадыё: Гэта можа пачаць змяняцца, калі зменіцца твар беларускай палітыкі. Перакананая, што толькі прэзідэнт-жанчына пачне клапаціцца пра эканамічную незалежнасць жанчын.

 

Вольга Карач: У нашым грамадстве, ёсць пэўныя пытанні, якія падзелены паміж мужчынамі і жанчынамі. Мужчыны не так добра клапоцяцца пра сацыяльную абарону, пра сацыяльныя пытанні і пра іх вырашэнне. Для мяне жахлівы факт, што у Беларусі міліцэйскі сабака на месяц атрымлівае больш грошай чым дзіцё. Дзяржава выразна дэманструе свае прыярытэты. Мне падаецца, што для мужчыны-кандыдата пытанні сацыяльнай абароны, пенсіі, звальненняў, дзіцячых дапамог, цяжарнасцяў, пытанні асоб з абмежаваннямі пераходзіць на другі план.  У мужчынаў іншая ментальнасць, бо для іх выжывае мацнейшы. А хто будзе думаць пра cлабых?

 

Фота: nash-dom.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі