Вуліцу ў Вашынгтоне каля пасольства РБ могуць назваць у гонар Рамана Бандарэнкі
Вуліцу ў Вашынгтоне каля пасольства РБ могуць назваць у гонар загінулага беларускага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. З такой ініцыятывай выступіла беларуская дыяспара. У Facebook прагаласавалі больш за 300 чалавек. Далей ініцыятыву падтрымаў тамтэйшы раённы камітэт. Наступны крок — разгляд прапановы ў Савеце акругі Калумбія.
Даваць вуліцам сімвалічныя імёны дысідэнтаў і ахвяраў рэжымаў, амбасады якіх там знаходзяцца, гэта вашынгтонская традыцыя. Там ужо ёсць плошча Барыса Нямцова, праезд Джамаля Хашогі і плошча Лю Сяабо. У Вашынгтоне сімвалічнае перайменаванне магчымае не раней за другую гадавіну з дня смерці чалавека. Прадстаўнікі беларускай дыяспары спадзяюцца паскорыць працэс.
Раман Бандарэнка ў лістападзе 2020-га памёр у Бальніцы хуткай дапамогі пасля таго, як яго збілі на знакамітай Плошчы Перамен у Мінску. Расследаванне справы прыпынена: следчыя "не змаглі вызначыць падазраваных", хаця іх прозвішчы названыя ў інтэрнэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.