Вячаслаў Касінераў: падыходы да прызнання людзей палітвязнямі састарэлі

Вячаслаў Касінераў / сацсеткі
Вячаслаў Касінераў / сацсеткі

Зняволеных па "палітычных" справах у Беларусі нашмат больш, чым прызнана праваабаронцамі. Яшчэ летам Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні амаль 5000 спраў у сувязі з пратэстамі. На дадзены момант у Беларусі ўсяго 884 палітвязні.

Але ёсць альтэрнатыўны разлік. У спісах ініцыятывы Dissidentby па стане на 22 лістапада — 1454 чалавек. Таксама далёка ад пяці тысяч, пазначаных сілавікамі, але амаль удвая больш, чым у праваабаронцаў.

У чым прычына такой разбежкі і чаму ў Беларусі састарэлі падыходы да крытэраў прызнання людзей палітвязнямі — распавядае Еўрарадыё актывіст Dissidentby Вячаслаў Касінераў.

Вячаслаў: Крытэрыі прызнання людзей палітвязнямі былі аптымізаваныя праваабаронцамі ў краінах СНД яшчэ ў 2012-2013 гадах. На жаль, падыход да іх маральна састарэў. Гэта адбылося, таму што ўлада вельмі доўга і старанна выточвала і адпрацоўвала на актывістах розныя механізмы, якія дапамагалі ёй зляпіць у вачах грамадства з чалавека крымінальніка.

У той жа час яго пераслед відавочна тычыўся грамадзянскай пазіцыі і актыўнасці. Па выніку — артыкулы, па якіх абвінавачваецца чалавек, часцей за ўсё пастулююцца як хуліганства і да таго падобнае. 

Ці магчыма абараняць сябе, ужываючы фізічную сілу ў выніку правакацый? Вось галоўнае пытанне, якое мы ўзнімаем ўжо шмат гадоў.

У якасці прыкладу прывяду кейс Дзмітрыя Паліенкі. Успомнім яго апошні крымінальны пераслед, калі ён быў вымушаны абараняць сябе з дапамогай газавага балончыка. У выніку на яго навесілі пяць крымінальных артыкулаў, чатыры з якіх былі выключна палітычныя.

З-за грамадскага рэзанансу Дзмітрый не атрымаў той жахлівы тэрмін, які яму запрошвалі, — шэсць гадоў калоніі строгага рэжыму. Але заўважым: ён так і не быў прызнаны палітвязнем праваабарончымі арганізацыямі, якія працуюць даўжэй за нас.

Вячеслав Касинеров: подходы к признанию людей политзаключёнными устарели
Дзмітрый Паліенка / spring96.org

Яшчэ адзін кейс Святаслава Барановіча, які абараняў людзей ад незразумелых мужчын спартыўнага целаскладу, якія спынілі тралейбус недалёка ад плошчы Бангалор і, збіваючы пасажыраў, выцягваючы за валасы дзяўчынак, закідвалі іх у аўтобусы. Ён заступіўся: будучы баксёрам, даў камусьці па твары, што нармальна — прадухіляць нейкія дзеянні відавочна злачыннага характару, якія адбываюцца ў цябе на вачах. Як аказалася, гэта былі супрацоўнікі без формы, якія, не прадстаўляючыся, ужывалі непрапарцыйны гвалт. Святаслаў таксама не быў прызнаны палітвязнем.

Вячеслав Касинеров: подходы к признанию людей политзаключёнными устарели
Святаслаў Барановіч / "Наша Ніва"

Еўрарадыё: Ці правільна, што праваламі ў крытэрах у сваіх мэтах сёння карыстаецца ўлада?

Вячаслаў: Больш правільна сказаць — не праваламі ў саміх крытэрах, таму што мы імі таксама карыстаемся, а падыходам да іх. Для захавання сваёй асобы і дзейнасці праваабаронцы ўжо шмат гадоў выкарыстоўваюць крытэр, што палітвязень — гэта адназначна той, хто не ўжываў ніякую сілу падчас сваіх палітычных маніфестацый, напрыклад, нават калі гаворка тычыцца самаабароны ці абароны тых, хто побач.

Калі раней улада лавіравала і спрабавала рабіць з актывістаў крымінальнікаў шляхам правакацый, цяпер гэта робіцца абсалютна адкрыта, ніхто не спрабуе лавіраваць перад Захадам. Але чамусьці праваабарончая супольнасць, якая працуе ў Беларусі даўно, працягвае выкарыстоўваць матэрыялы судоў, якія могуць быць заснаваныя на катавальных паказаннях і пагардзе ўсімі правамі і магчымасцямі зняволенага. Яны працягваюць гнуць сваю лінію і выкарыстоўваць падыход, пры якім, калі на чалавека напалі і ён кагосьці ў адказ штурхнуў, гэта ўжо можа быць прычынай не прызнаваць яго палітвязням.

 

Еўрарадыё: Што можна зрабіць?

Вячаслаў: Мы абралі і прапануем падтрымаць падыход з прэзумпцыяй невінаватасці. Улічваючы прававы калапс у Беларусі, мы заяўляем, што чалавек павінен быць прызнаны палітвязнем да таго часу, пакуль у выпадку якой-небудзь сітуацыі не будзе даказана, што ён сапраўды вінаваты ў рамках дэмакратычнага незалежнага судовага разбору ў адсутнасць рэпрэсіўных практык у дэмакратычнай краіне. Да гэтага моманту мы сцвярджаем, што гэты чалавек з'яўляецца палітвязнем.    

Вячеслав Касинеров: подходы к признанию людей политзаключёнными устарели
Турма / nbnews.com.ua

Еўрарадыё: Але тады палітвязнямі можна будзе назваць, напэўна, вельмі шмат людзей. На сёння ў вашых спісах ужо 1449 чалавек... Як вы даведваецеся пра іх? 

Вячаслаў: Спосабаў вельмі шмат: нам часта пішуць прадстаўнікі незалежных СМІ, распавядаюць, што пісалі пра нейкіх зняволеных, і даюць кантакты сваякоў. Мы камунікуем, думаем, чым дапамагчы. Навіны паведамляюць таксама людзі, якія выходзяць з-пад варты.

Даведваючыся аб той ці іншай сітуацыі, мы пачынаем дабівацца, каб да зняволеных дапусцілі адвакатаў, якія змогуць атрымаць нейкую ўжо больш падрабязную інфармацыю ў межах справы. І тады ўжо глядзім, каго заносіць у спісы.

Таму мы ўжо мелі працоўныя схемы, як да каго звяртацца, пісаць, што рабіць далей. Я сам прайшоў палітычнае зняволенне, таму мы ведаем, як гэта працуе. Да 2020 года падышлі ў поўным узбраенні. 

Галоўны наш прынцып — зрабіць такую сетку салідарнасці, у якую будзе так ці інакш уключаны кожны. Дадам, што ў нас няма ніякай жорсткай канфрантацыі з праваабаронцамі, якія прытрымліваюцца іншага падыходу. Мы так ці інакш абменьваемся інфармацыяй з усімі, хто ўцягнуты ў адвакацкую, матэрыяльную, інфармацыйную дапамогу людзям, пацярпелым ад палітычнага пераследу. 

 

Еўрарадыё: Каб звярнуць увагу грамадскасці на поўную колькасць палітвязняў і пераследуемых па палітычных матывах беларусаў, вы выступаеце з заявай “Аб надзвычайнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і ліку палітычных зняволеных”. Многія вас у гэтым падтрымалі?

Вячаслаў: Мы нарэшце напісалі гэтую заяву, абгрунтавалі і выклалі. Працавалі вельмі сур'ёзна над ёю два месяцы. Першапачаткова нас падтрымала каля 12 арганізацый, цяпер 41. Заява адкрытая, і да яе могуць далучацца ўсе, у тым ліку СМІ.

Мы пастаянна просім журналістаў агучваць вялікую колькасць зняволеных па палітычных матывах. Нават Следчы камітэт паведамляе пра тое, што было распачата амаль 5000 спраў, значыць, яны прызнаюць палітычны матыў. Чаму тады мы гаворым пра 884?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі