Выезд з Беларусі абмежавалі "палітычным", чыноўнікам і сілавікам
Мяжа Беларусі / ria.ru
Закон "Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь" зменены. Папраўкі ў яго апублікаваныя 16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
КДБ мае права абмежаваць выезд тым, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі. Таксама пад забарону на выезд могуць трапіць людзі, калі КДБ вырашыць, што іх "выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Забарона можа доўжыцца да паўгода.
Забароняць выязджаць за мяжу тым, на каго ёсць адміністрацыйная справа "за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку кіравання". Гаворка ідзе пра добра знаёмыя беларусам "палітычныя" артыкулы КаАП: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў, парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і гэтак далей.
Раней такіх "палітычных адміністратыўшчыкаў" не выпускалі Беларусі, калі за імі быў неаплачаны штраф. Цяпер жа выезд забароняць і тым, на каго пачалі адміністрацыйную справу, але яшчэ не вынеслі прысуд.
Шэраг вышэйшых чыноўнікаў (пачынаючы са старшыняў аблвыканкамаў) змогуць выехаць за мяжу толькі пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам. Дазвол на выезд за мяжу кіраўнікоў дзяржорганаў і работнікаў, якія маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў, будзе выдаваць урад.
Выезд сілавікоў будзе ўзгадняцца іх кіраўніцтвам — "вызначацца лакальным прававым актам" адпаведных ведамстваў. Калі ў іх ёсць біяметрычны пашпарт, на час службы яны абавязаныя перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.
Забарона для "палітычных адміністратыўшчыкаў" набывае моц праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання закона. Іншыя палажэнні — пасля афіцыйнага апублікавання закона.
Як распавядала Еўрарадыё, Палата прадстаўнікоў ухваліла гэты закон 18 красавіка. Потым ён быў ухвалены Саветам Рэспублікі, а пазней яго падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.