Паніка і спроба выратавацца: навошта на мяжы Беларусі з РФ спатрэбіўся кантроль
Лукашэнка вырашыў адгарадзіцца ад свайго ж саюзніка / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларускія ўлады панікуюць, бо баяцца дыверсантаў. Таму на беларуска-расійскай мяжы з’явіўся кантроль, лічаць апытаныя эксперты. Што адбываецца і ці стала складаней беларусам у выпадку неабходнасці бегчы ад рэжыму Лукашэнкі, Еўрарадыё спытала BYSOL, BYPOL і Валерыя Сахашчыка.
5 траўня стала вядома, што ў Беларусі з’явіўся часовы памежны кантроль на шасці асноўных ўездах з Расіі. Потым ў Магілёўскай вобласці перакапалі ці завалілі дрэвамі дробныя аб'язныя дарогі, якія ідуць у Расію.
А 10 траўня, калі шмат расіян вярталася дадому пасля майскіх свят, з’явіліся чэргі на выезд з Беларусі ў пункце пропуска “Лабок” Віцебскай вобласці. Паводле слоў расійскіх турыстаў, некаторыя з іх не першы год наведваюць Беларусь у гэты час, але з чэргамі сутыкнуліся ўпершыню.
“Лукашэнка разумее, што расійская мяжа дзіравая”
На думку кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава, улады перакрываюць мяжу, бо падазраюць, што праз тэрыторыю Беларусі ў Расію заязджаюць украінскія дыверсанты. А потым вяртаюцца назад у Беларусь.
— У Расіі шмат розных акцый апошнім часам. Бачыце, там нафтабазы гараць, над Крамлём нейкія дроны лятаюць, таму вырашылі перакрыць мяжу.
Суразмоўца не памятае, каб раней Беларусь рабіла нешта падобнае.
— Расіяне перакрывалі мяжу пасля пачатку вайны ў 2014 годзе. Таксама для таго, каб з боку Беларусі ўкраінскія дыверсанты не прабраліся на тэрыторыю Расіі.
Сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак таксама лічыць, што змены на мяжы звязаныя з апошнімі падзеямі ў Расіі.
— Лукашэнка разумее, што расійская мяжа дзіравая. Другі момант — гэта, вядома ж, тое, што людзі працягваюць карыстацца магчымасцямі мяжы. Гэта якая толькі магчыма кантрабанда. Беларусы кропкава адсочваюць гэтыя сцежкі. Асабліва калі ідзе “месячнік барацьбы з кантрабандай”. У іх ёсць такая фігня.
Прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык нагадвае, што афіцыйна кантроль на мяжы з'явіўся нібыта для выканання пагаднення аб узаемным прызнанні віз з Расіяй. Яно падпісанае яшчэ ў 2020 годзе.
— Гэтае тлумачэнне відавочна прыцягнутае за вушы. Маштаб і характар праверак сведчаць хутчэй пра спробу мінімізаваць рызыкі для рэжыму ў знешнепалітычнай сітуацыі, якая ўскладняецца, і асабліва на фоне рэзкага пагаршэння стану здароўя Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.