Расійскі карабель затануў у Міжземным моры пасля выбуху
Карабель Ursa Major
У Міжземным моры, у міжнародных водах паміж Іспаніяй і Алжырам патануў расійскі гандлёвы карабель Ursa Major (з лацінскай мовы — "Вялікая Мядзведзіца"). Пра катастрофу паведамляе РБК са спасылкай на профільныя рэсурсы.
Удалося выратаваць 14 чальцоў экіпажа, іх даставілі ў іспанскі горад Картахена. Яшчэ два чалавекі зніклі без вестак.
Паведамляецца, што калі расійскі карабель ішоў на ўсход да Гібралтарскага праліва, на ім адбыўся выбух у машынным аддзяленні. Пасля гэтага судна адхілілася ад курсу і пачало хіліцца.
Ursa Major адплыла 11 снежня з Санкт-Пецярбурга і накіроўвалася ва Уладзівасток. На момант аварыі, паводле капітана, на караблі перавозілі пустыя кантэйнеры.
Праўда, за чатыры дні да катастрофы прэс-служба "Абаронлагістыкі" заяўляла, што Ursa Major адпраўляецца на Далёкі Усход з "вялікім праектным грузам у рамках рэалізацыі дзяржаўных задач па развіцці партовай інфраструктуры і Паўночнага марскога шляху". На судна пагрузілі партовыя краны па 380 тон кожны і 45-тонныя люкавыя вечкі для новых ледаколаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.