У Мінску абураныя, што Польшча не запускае пасажырскія цягнікі ў Беларусь
Да канца года пасажырскіх цягнікоў не будзе / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абураецца, што Польшча адмяніла забарону на чыгуначныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь, але не запускае цягнікі. Да канца года на гэта можна не разлічваць, кажуць у Міністэрстве інфраструктуры Польшчы.
"Нягледзячы на адмену абмежаванняў, польскія ўлады адмаўляюцца аднаўляць перавозкі "праз напружаныя дыпламатычныя стасункі паміж дзвюма краінамі, — піша Дзяржпамежкамітэт РБ. — ...Падобныя дзеянні сумежнага боку даказваюць палітызаванасць рашэнняў, якія прымаюцца на ўзроўні кіраўніцтва Польшчы, і ігнараванне інтарэсаў уласных грамадзян, вымушаных стаяць у шматкіламетровых чэргах на польска-беларускай мяжы".
Забарона на пасажырскія перавозкі па чыгунцы з Беларуссю была ўведзеная яшчэ ў 2020-м падчас кавіду. У 2023-м сітуацыя ўжо іншая — ідзе вайна ва Украіне, а РБ — саюзнік РФ. Да таго ж улады Польшчы спрабуюць вызваліць беларускіх палітвязняў, а сярод іх Анджэя Пачобута. На гэтым фоне аднаўленне чыгуначных пасажырскіх перавозак, нягледзячы на абурэнне ў Мінску і прапановы Міністэрства транспарту і камунікацый, малаверагоднае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.