Каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода — "Медыязона"

Расійская паліцыя, ілюстрацыйнае фота

Расійская паліцыя, ілюстрацыйнае фота / vecherka-spb.ru

За 6 месяцаў расійская база вышуку папоўнілася імёнамі 773 грамадзян Беларусі і ўраджэнцаў нашай краіны, заўважыла "Медыязона".

Цяпер у гэтай базе больш за 3500 чалавек. Яны абвешчаныя ў выўук не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.

У абноўленым спісе журналісты налічылі каля 30 былых палітвязняў. Частку з іх  асудзілі на "хатнюю хімію", абвінаваціўшы ў грубым парушэнні грамадскага парадку. Таксама ў гэтай групе ёсць, напрыклад, былыя палітвязні Вадзім Хіжнякоў і Станіслаў Паўлінковіч, якія пакінулі Беларусь пасля выхаду на волю.

Другая вялікая група ў абноўленай базе вышуку — журналісты. У вышук у Расіі абвясцілі журналіста-расследвальнікаў з "Бюро медыя" Аляксандра Ярашэвіча, Ксенію Вязнічаву, Аляксея Карпеку і Вольгу Альхіменка. Таксама ў вышуку знаходзяцца тры прадстаўнікі "Беларускага расследвальніцкага цэнтра": заснавальнік Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік сайта Лола Бурыева і вядоўца праграмы Weekly Top Fake Алена Чарняўская.

Дадаліся ў спіс журналісты, якія супрацоўнічаюць або працавалі раней на Радыё "Свабода": Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Сяргей Дубавец. Да іх далучаныя некалькі журналістаў тэлеканала "Белсат" — Зміцер Буянаў, Ігар Кулей і Зміцер Міцкевіч.

Акрамя іх у вышук абвешчаныя кіраўнік спартовага сайта tribuna.com Максім Беразінскі, выдавец інтэрнэт-газеты "Салідарнасць" Аляксандр Старыкевіч, журналісты Дзмітрый Бяганскі, Аляксей Гуліцкі, Кацярына Пытлева, Ігар Палынскі, Зоя Хруцкая і фатограф Аляксандр Васюковіч.

Расійскі бок абвясціў у вышук таксама беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне Арцёма Моладава, Андрэя Трацэўскага, Радзівона Батуліна і Паўла Кухто — прадстаўніка палка Каліноўскага і брата загінулага падчас пратэстаў фаната з Маладзечна Мікіты Крыўцова.

У вышуку журналісты выявілі імя і 74-гадовага Яна Дзяржаўцава — стваральніка грамадскай ініцыятывы "Хайсы — віцебскія "Курапаты".

З іншых вядомых асобаў можна назваць, напрыклад, лідара гурта "Дай Дарогу!" Юрыя Стыльскага, актора-купалаўца Міхася Зуя, рэжысёра фільма "Працэсы" Андрэя Кашперскага і мноства іншых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі