Выхадам з крызісу можа быць рэферэндум — былы пасол у Славакіі Ляшчэня

Ігар Ляшчэня / З архіва БЕЛТА​
Ігар Ляшчэня / З архіва БЕЛТА​

Кампрамісным выйсцем з палітычнага крызісу ў Беларусі можа стаць правядзенне рэферэндуму, лічыць былы беларускі пасол у Славакіі Ігар Ляшчэня. Расія і Еўрасаюз пры гэтым павінны выступіць гарантамі выканання дамоўленасцей паміж бакамі канфлікту.

"Мэта рэферэндуму — атрымаць бясспрэчную жалезабетонную пазіцыю народа аб правядзенні датэрміновых выбараў прэзідэнта, а таксама высветліць стаўленне людзей да розных відаў рэспубліканскай формы кіравання", — выкладае свой план у Facebook Ляшчэня.

У бюлетэні, па яго думку, мае быць тры пытанні:

— аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў;

— аб тым, што Беларусь павінна быць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй 1994 года;

— аб тым, што Беларусь павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай, у адпаведнасці з цяперашняй версіяй Канстытуцыі.

Цяпер абодва бакі канфлікту лічаць, што за імі стаіць большасць. Рэферэндум паказаў бы, хто мае рацыю. Пры гэтым арганізоўваць плебісцыт, паводле плана Ляшчэні, павінен новы склад ЦВК. І Цэнтрвыбаркам, і ўчастковыя камісіі павінны на 50% складацца з кандыдатаў пратэстнага руху і на 50% — з кандыдатаў праўладных арганізацый. Старшынёй ЦВК павінен быць незалежны кандыдат, які задаволіў бы і ўладу, і апазіцыю.

Ляшчэня таксама фармулюе першыя крокі для бакоў. Улада, на яго думку, павінна выпусціць усіх затрыманых за палітычныя погляды і грамадзянскую пазіцыю, аднавіць на працы звольненых і на вучобе — адлічаных, а таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсту. Лідары пратэстнага руху са свайго боку павінны заклікаць да спынення ўсіх масавых акцый, а таксама разам з прадстаўнікамі Еўрасаюза прыпыніць "ўсялякую актыўнасць па нарошчванні санкцыйнага ціску".

Ляшчэня стаў першым беларускім дыпламатам, які выступіў у падтрымку пратэстоўцаў. 16 жніўня ён запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт з боку праваахоўнікаў.  Ляшчэня падаў у адстаўку і 24 жніўня быў вызвалены ад пасады. У сярэдзіне верасня Аляксандр Лукашэнка пазбавіў яго дыпламатычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганьбяць дзяржаўную службу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі