Выказваем заклапочанасць: пакуль адны лётаюць у космас, іншыя не вераць у COVID

Сёння мы нават не вельмі занепакоеныя — у свеце ўсё нядрэнна / калаж Еўрарадыё
Сёння мы нават не вельмі занепакоеныя — у свеце ўсё нядрэнна / калаж Еўрарадыё

Яшчэ паўгода таму ніхто не чуў пра сельскага настаўніка Пэдра Кастылья з Перу. А сёння ён абяцае зрабіць так, каб у багатай краіне, поўнай выкапняў, знікла беднасць і няроўнасць. Так, гэта новы прэзідэнт лацінаамерыканскай краіны. За яго прагаласавалі найбяднейшыя, і іх галасоў хапіла, каб абраць прэзідэнта, які пра іх паклапоціцца.

У ЗША іншая праблема: як мільярдэру апраўдацца перад грамадскасцю? Джэф Безас вельмі хоча ў космас і можа сабе гэта дазволіць. Ён нават згодны з тымі, хто папракае яго ў "нерацыянальным выкарыстанні мільярдаў". Але гэта не значыць, што папрокі ўтрымаюць яго ад палёту. На караблі, будаўніцтва якога ён сам жа прафінансаваў. Калі зможаце паглядзець відэа гэтага запуску без захаплення, можаце крытыкаваць далей.

Ашчаджайце час — чытайце кароткія агляды навін у свеце на Еўрарадыё.

 

З кавід-дысідэнтамі не цырымоняцца

Часам мы даведваемся, што чалавека могуць збіць за просьбу надзець маску — такую навіну вы маглі прачытаць у нашым папярэднім аглядзе.

І тады на дапамогу ў барацьбе з кавід-дысідэнтамі прыходзяць сацыяльныя сеткі. На мінулым тыдні Джо Байдэн заклікаў платформы прыняць меры, каб не дапусціць распаўсюджвання лжывай інфармацыі пра пандэмію.

І вось ужо твітар часова заблакаваў дэпутатку Марджары Тэйлар Грын за публікацыю інфармацыі пра каранавірус, "якая ўводзіць у зман". Палітык адкрыта крытыкавала вакцыны і выкарыстанне масак.

У мінулым месяцы ёй ужо давялося прасіць прабачэння за тое, што яна параўнала абавязковае нашэнне масак з тым, як нацысцкая Германія абыходзілася з габрэямі.

У адказ на сваё часовае прымусовае блакаванне палітык, зразумела, заявіла, што кампаніі Крамянёвай даліны нападаюць на свабоду слова.

Што ж, Джо Байдэн, гаворачы пра лжывую інфармацыю на тэму COVID-19 у сацсетках, сказаў прасцей і без патэтыкі: "Яны забіваюць людзей".

 

"Няма бедных у багатай краіне"

У Перу цяпер усё будзе справядліва. Прынамсі, на гэта разлічваюць жыхары, якія выбралі сваім новым прэзідэнтам сельскага настаўніка Пэдра Кастылья.

Кастылья быў не толькі настаўнікам, але і прафсаюзным лідарам. Чатыры гады таму ён узначаліў паспяховую забастоўку настаўнікаў, якія патрабавалі падвышэння зарплаты.

Тым не менш яшчэ паўгода таму пра Кастылья амаль ніхто не ведаў, піша Bloomberg. А сёння за яго аддалі свае галасы крыху больш за 50% выбаршчыкаў Перу.

Кастылья дасталася краіна з самым высокім у свеце узроўнем смяротнасці ад COVID. Перу ў глыбокім эканамічным крызісе. Тут ён мацнейшы, чым ва ўсіх іншых буйных краінах Амерыкі. Плюс выключная палітычная нестабільнасць: летась тут змянілася тры прэзідэнты крыху больш чым за тыдзень.

У час сваёй прэзідэнцкай кампаніі Кастылья заявіў, што будзе імкнуцца стварыць мільён новых рабочых месцаў у год. Ён, праўда, таксама прапанаваў аднавіць смяротнае пакаранне, каб дапамагчы ў барацьбе са злачыннасцю.

Кастылья прыйшоў з лозунгам "Няма больш бедных у багатай краіне". Гэта значыць, велізарныя запасы карысных выкапняў краіны павінны прыносіць карысць звычайным людзям. За яго прагаласавалі людзі ў сельскіх і горных раёнах.
 

Мільярдэр у космасе. А значыць, і іншыя змогуць!

Джэф Безас, самы багаты чалавек на зямлі, сёння злятаў у космас. Гэта падарожжа заняло ўсяго 11 хвілін. І гэтыя 11 хвілін з карабля даносілася "вау" і "найлепшы дзень у жыцці".

Як праходзіў палёт

Крытыкі заяўлялі, што гэтыя палёты — проста забава для багатых. Маўляў, мільярдэр мог бы траціць свой час, грошы і энергію на вырашэнне праблем на зямлі.

Што адказаў Безас?

"Яны ў асноўным маюць рацыю. Мы павінны рабіць і тое, і іншае. Ведаеце, у нас тут і цяпер на Зямлі шмат праблем, і нам трэба працаваць над імі. І нам заўсёды трэба глядзець у будучыню",цытуе мільярдэра CNN.

Усяго на борце было чацвёра чалавек. Сярод іх адзін пілот, але, калі на тое, пілот касмічнаму караблю Blue Origin не патрэбен, ён цалкам аўтаномны.

І хоць сёння ў неба паднімецца адзін карабель, на самай справе гэта гонка. Касмічная гонка мільярдэраў. Рычард Брэнсан дзевяць дзён таму стаў першым чалавекам, які паляцеў у космас на борце карабля, у стварэнне якога ўклаўся грашыма.

У стрыме з карабля можна было пачуць шмат "вау!" і "ў вас тут вельмі шчаслівы экіпаж". І як не падзяліць гэтую эмоцыю экіпажа. Безас не проста забаўляецца — ён даказвае, што касмічны турызм магчымы.
 

Хутчэй, вышэй, мацней і не толькі

Сёлета Алімпіяда не такая, як раней. Але МАК здалося, што гэтага мала, і яны змянілі дэвіз, які існаваў з 1894 года. "Хутчэй, вышэй, мацней" — такім яго зацвердзіў першы Алімпійскі кангрэс.

Новы дэвіз — "Хутчэй, вышэй, мацней — разам". На лаціне — "Сitius, altius, fortius — communis". За яго прагаласавалі аднагалосна.

Складана асуджаць МАК за гэтыя змены. Яшчэ ніколі, напэўна, спартсмены і арганізатары гульняў так моцна не хацелі быць "разам" — асабліва разам з гледачамі. Іх на Алімпіядзе сёлета амаль не будзе.
 

Ідэя для рэлакацыі, калі стаміліся ад усяго. І ад усіх

Ва Украіне шукаюць сісадміна на зарплату 1,9 тыс. долараў. Адзін нюанс — трэба будзе на год паехаць жыць на антарктычную станцыю "Акадэмік Вярнадскі".

Спецыяліста шукае Нацыянальны антарктычны навуковы цэнтр. Кандыдаты павінны быць неканфліктныя — усё ж вам год жыць з іншымі людзьмі за Палярным кругам. А яшчэ ведаць замежную мову, разбірацца ў марскіх сродках сувязі і валодаць базавымі навыкамі радыёсувязі. Сярод навыкаў, якія могуць спатрэбіцца, — веданне тэлеграфнага кода Морзэ.

Таксама ў каманду патрабуецца кухар, лекар, электрык, сістэмны механік. Экспедыцыя адправіцца на станцыю на ўласным ледаколе. Каманду абяцаюць карміць і забяспечыць безлімітным доступам да інтэрнэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі