Выказваем заклапочанасць: планета ўжо не награваецца, а проста гарыць
Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё
Алімпіяда ў Токіа скончылася некалькі дзён таму, ад яе засталіся толькі пацешныя ўспаміны, якімі цяпер дзеляцца спартсмены.
У астатнім нам няма чым вас парадаваць: здаецца, у Афганістане ўсё толькі пачынаецца, а кліматычная катастрофа на поўдні Еўропы ўсё мацней мяняе ландшафт і жыцці людзей.
У Афганістане засталіся бяспечныя месцы?
Толькі на гэтым тыдні тысячы людзей сталі вымушанымі перасяленцамі. Афганцы, якія жывуць у паўночных правінцыях, адправіліся ў Кабул у пошуках бяспекі. Хтосьці змог знайсці прыстанішча ў часовым лагеры на ўскраіне сталіцы, іншыя спяць проста на вуліцах і ў закінутых складах.
Але і Кабул, магчыма, застаецца бяспечным толькі на час. Талібы захапілі ўжо дзесяць гарадоў, якія ёсць цэнтрамі афганскіх правінцый. І гэта павялічвае шанцы "Талібана" ўзяць Кабул — сталіцу краіны.
З таго часу як ЗША і войскі саюзнікаў пачалі сыходзіць з краіны пасля сваёй дваццацігадовай місіі тут, трывожныя навіны адтуль прыходзяць штодня. Паводле звестак ААН, за апошні месяц у Афганістане было забіта больш за тысячу мірных жыхароў.
Як не спазніцца на Алімпіяду
Заблудзіць у Токіа з насельніцтвам 13 мільёнаў чалавек не вельмі складана. Але ўдвая сумна, калі ты спартсмен і ты спазняешся на Алімпіяду.
Спартсмен з Ямайкі Хансл Парчмент — уладальнік залатога медаля ў бегу на сто метраў з перашкодамі. Але гледачы не ведаюць, што ён пераадолеў нашмат больш перашкод, чым паказалі ў жывой трансляцыі!
У дзень паўфіналу Хансл выпадкова прыехаў не на Алімпійскі стадыён, а на арэну для водных відаў спорту. Выручыў яго валанцёр, які даў алімпійцу грошай на таксі.
Цяпер спартсмен знайшоў сваю выратавальніцу, вярнуў ёй доўг, а міністр спорту і турызму Ямайкі запрасіў спагадлівую валанцёрку ў госці, каб яна пазнаёмілася з краінай. Мы ўпэўненыя, што заблудзіць на Ямайцы ёй не дазволяць.
Еўропа не ведала такой спякоты
Нават звыклая да гарачых тэмператур італьянская Сіцылія ў шоку. Антыцыклон Люцыпар прынёс на востраў 48,8 градуса цяпла. Такіх тэмператур Еўропа яшчэ не ведала — гэта кліматычны рэкорд.
Выдатная нагода зноў і зноў вывучаць новую справаздачу ААН. Галоўнае адтуль: няма часу адкладаць барацьбу са зменамі клімату і няма месца для апраўданняў. Паўднёвая Еўропа, якая губляе гэтым летам у пажарах усё, пацвердзіць.
ЗША ўспрынялі клімат сур'ёзна
І вось у каго можна павучыцца. Сенат пагадзіўся вылучыць 3,5 трыльёна долараў на ахову здароўя, адукацыю і барацьбу са зменай клімату. Гэты новы план выдаткаў сярод іншага прадугледжвае павышэнне падаткаў на багатых і на карпарацыі, цытуе РІА Новости выданне NYT.
У найноўшай гісторыі яшчэ не было такіх буйных укладанняў.
Сярод таго, што зацікавіць амерыканцаў: грошы пойдуць на догляд людзей з інваліднасцю і пажылых людзьмі, фінансаванне дашкольных устаноў, бясплатных грамадскіх каледжаў і гэтак далей.
А вось экалагічныя ініцыятывы ў гэтым плане могуць зацікавіць увесь свет. Плануецца прымусіць энергетычныя кампаніі паступова адмаўляцца ад выкідаў чаднага газу і стымуляваць іх да выкарыстання чыстай энергіі.
Гэта афіцыйна: медалі не ядомыя
Мэр аднаго з японскіх гарадоў трапіў у непрыемную сітуацыю. Ён быў так рады перамозе каманды па сафтболе, што з радасці ўкусіў медаль спартсменкі, як гэта робяць самі алімпійцы.
Што тут пачалося! Мэра абвінавацілі ў непавазе да спартсменкі і невыкананні антыкаранавірусных мер. Гарадскім уладам паступіла больш за сем тысяч скаргаў! Незадавальненне выказала нават кампанія Toyota, якая падтрымлівае каманду па сафтболе.
Мэр, вядома, папрасіў прабачэння і нават прапанаваў заплаціць за замену медаля на новы, някусаны. Але МАК сказаў, што заменіць яе бясплатна. Каб спрэчку можна было лічыць канчаткова развязанай, арганізатары Гульняў напісалі ў сацсетках: маўляў, проста хочам афіцыйна пацвердзіць, што медаль не ядомы.
Спартсменаў сёлета таксама прасілі медалі не кусаць — як-ніяк, каранавірус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.