Вынеслі прысуд фізруку, які ўдарыў нагой у пахвіну свайго вучня
Суд у Баранавічах вынес прысуд настаўніку фізкультуры, які стукнуў свайго вучня нагой у пахвіну. Як піша Intex-press, на судзе мужчына цалкам прызнаў віну, у апошнім слове прасіў строга не караць. Таксама ён папрасіў прабачэння ў пацярпелага і яго маці.
Здарэнне адбылося 30 лістапада 2020 года ў сярэдняй школе №12.
44-гадовы настаўнік фізкультуры, як выявіла следства, У перапынку паміж урокамі ў мужчынскай распранальні пасварыўся з непаўналетнім вучнем. Пры гэтым настаўнік "нанёс яму адзін удар каленам у вобласць пахвіны, чым прычыніў цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе закрытай траўмы правай паловы машонкі з разрывам правага яечка і гематомы ў вобласці разрыву".
Цяпер мужчына ў школе не працуе.
На судзе ён распавёў, што ў той дзень пачуў пах дыму з калідора і вырашыў зайсці ў мужчынскую распранальню. Там ён пабачыў каля акна вучня з электроннай цыгарэтай.
"Я зрабіў заўвагу, сказаў, каб выйшаў з распранальні. Я быў у стане афекту, напэўна, таму што гэта мой лепшы вучань класа, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Выходзячы з распранальні, я не стрываў і вырашыў пакараць школьніка. Хацеў ударыць па назе, але калена маё заслізнула і ўдар — у вобласць жывата, як мне тады здалося", — тлумачыў свае паводзіны экс-фізрук.
Суд прысудзіў яму 2 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Гэта быў той прысуд, які прасіў пракурор.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.