Вызначыліся ўсе ўдзельнікі групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў.
Футбалісты маскоўскага ЦСКА, якім кіруе беларускі трэнер Віктар Ганчарэнка, перамаглі футбалістаў швейцарскага клуба "Янг Бойз" з лікам 2:0. Першая сустрэча завяршылася таксама перамогай масквічоў — 1:0.
Кіпрскі "Апаэль" згуляў унічыю з пражскай "Славіяй" — 0:0. Перад гэтым кіпрыёты перамаглі чэхаў з лікам 2:0.
Азербайджанскі "Карабах" выйшаў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў, перамогшы на сваім полі дацкі "Капенгаген" 1:0. На выездзе "Карабах" прайграў з лікам 1:2.
Раней у групавы этап Лігі чэмпіёнаў выйшлі шатландскі "Селтык", італьянскі "Напалі", славенскі "Марыбор", іспанская "Севілья", грэчаскі "Алімпіякас", англійскі "Ліверпуль" і партугальскі "Спортынг". Без кваліфікацыі ў гэтую стадыю былі ўключаныя "Чэлсі", "Манчэстар Сіці", "Манчэстар Юнайтэд", "Тотэнхэм" (усе — Англія), "Рэал", "Барселона", "Атлетыка" (усе — Іспанія), "Баварыя", "Барусія" (Дортмунд), "Лейпцыг" (усе — Германія), "Ювентус", "Рома" (абодва — Італія), "Бенфіка", "Порту" (абодва — Партугалія), "Манака", "Пары Сен-Жэрмен" (абодва — Францыя), "Шахцёр" (Украіна) "Спартак" (Расія), "Базель" (Швейцарыя), "Андэрлехт" (Бельгія), "Бешыкташ" ( Турцыя), "Феенаорд" (Нідэрланды).
Лёсаванне групавога этапу Лігі чэмпіёнаў пройдзе сёння вечарам у Манака.