Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Як выгадаваць сына, на якога абарочваюцца мінакі а дзяўчаты пры сустрэчы трацяць прытомнасць? Каб ён шыў світшоты для прагрэсіўнай моладзі і дапамагаў беларусам рэалізаваць смелыя праекты? Адказ просты — не замінаць. Напярэдадні Дня маці матулі яркіх і модных беларусаў распавядаюць сакрэты выхавання.

 

Людміла Труханенка, 49 гадоў, галоўны аграном у кантрольна-таксілагічнай лабараторыі Магілёва.

Сын Мікалай — 27 гадоў, мім

 

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Людміла: У Колі былі мімалётныя дрэды, гэта выпрабаванне для бабулі і дзядулі

Коля заўсёды быў актыўны і жвавы. Не тое, каб нечым знешне вылучаўся, а быў завадатарам, яму было цікавае ўсё новае.

Ён скончыў музычную школу па класе акардэона — сам выбраў, мы ніколі нічога яму не рэкамендавалі. Мы з мужам, аграномы па адукацыі, думалі, што сын знойдзе сябе менавіта ў музыцы, хаця ён хацеў стаць вучоным. У выніку Коля паступіў на агранома! Мы былі супраць, ведаючы яго творчую натуру! Ён не аграном. Узначальваў два гады культсектар на факультэце ў Горацкай акадэміі. А калі прыязджае на лецішча, дапамагае нам, не шкадуючы рук.

Не трэба ставіць платоў сваім дзецям. Маўляў, ты мусіш быць юрыстам ці медыкам — сапсуеш сабе ўсе нервы, а дзіцяці — жыццё. Можна накіроўваць, але катэгарычна, “павінен" — нельга так рабіць. Калі дзіця паліць у падваротні, гэта павінна выклікаць трывогу. Але калі дзіця праяўляе мастацкія схільнасці — калі ласка. Я спакойна стаўлюся да маленькіх поспехаў сваіх дзяцей. Для мяне галоўнае, каб яны былі шчаслівыя як людзі, у асабістым жыцці.

У Колі былі мімалётныя дрэды, якія сталі выпрабаваннем для бабулі і дзядулі. Была прычоска, як у героя з фільма “Таксі”. Цяпер татуіроўка, барада. Да яе я спакойна стаўлюся, добра, што нявестка падтрымлівае гэта. У мяне ў самой ёсць тату, але гэта была неабходнасць, а не жаданне вылучыцца.

 

Мікалай: Людзі глядзелі і пальцамі тыкалі з маршруткі

У Горках, у Сельскагаспадарчай Акадэміі таксама можна выдзяляцца, як і паўсюль. Я там адзін хадзіў з дрэдамі. Людзі пастаянна глядзелі і пальцамі тыкалі з маршруткі. Але паўлюль можна знайсці сваю кампанію. Мы з хлопцамі танцавалі стрыт-хоп. Потым я перагарэў, ды і грошай гэта не прыносіць. А працаваць мімам — трэба выкладвацца эмацыйна, затое шмат вандруеш. Усе ведаюць мяне, міма з барадой. Часам дзецям кажуць: “Прыйдзе дзядзька з барадой і забярэ цябе". Навошта казаць такія глупствы?.. Цяпер я падтрымліваю стасункі з барадачамі па ўсім свеце. У нас ёсць братэрства, у якім каля 8-9 тысяч чалавек. У студзені да нас прыедуць замежныя барадачы, мы паўдзельчаем ў дабрачыннай акцыі.

 

Таццяна Вядзеніна, 59 гадоў, інжынер-хімік і галоўны бухгалтар.


Сын Іван — 37 гадоў, крэатыўны дырэктар і сузаснавальнік платформы "Talaka.by"

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Таццяна: Я сама рамантык і дзяцей спрабавала выхаваць у такім жа ключы

Мы з мужам выхоўвалі нашых дзяцей звычайна. Адзінае, я заўсёды задавала пытанне: "А навошта табе гэта?". Напрыклад, Ваня сабраўся ў піянеры, я кажу: "Для чаго ты збіраешся гэта рабіць?". Ён падумаў, і вырашыў, што яму гэта не трэба... Але ў школе Ваня быў як усе: і вучыўся, як усе, і рабіў тое, што ўсе. Апранаўся, як усе. Я нават баялася, што мае дзеці будуць звычайнымі! Але ў момант сталення ўсё змянілася.

Чым можна вылучыцца? Жанчыне, да прыкладу, раз на пяць гадоў трэба змяняць ці працу, ці прычоску, ці каханка. Прасцей прычоску, натуральна. А маладому хлопцу прасцей за ўсё змяніць свой знешні выгляд. Трэба не баяцца гэта рабіць. Скокнуць з парашутам — калі ласка?! Яшчэ ніколі не хацела быць у статку. Ніколі б не пайшла на мітынг з-за таго, што туды ішлі ўсе. Такое пачуццё было у мяне, у мужа, яно перадалося дзецям.

Ваня займаецца тым, што яму падабаецца, гэта вельмі важна. Ён ратуе Беларусь. Што такое талака? Гэта калі людзі збіраюцца разам, каб зрабіць для некага нешта добрае. Ёсць непакой пра тое, што ратаванне Беларусі — гэта прызванне, хобі, але не праца, і наколькі яно зможа забяспечваць будучых дзяцей Вані, гэта мяне крыху непакоіць. Але, спадзяюся, ён справіцца.

Мне падабаецца, як выглядае Ваня, падабаецца, што ён не баіцца адрознівацца. Падабаюцца яго доўгія валасы і барада. У мяне і муж з барадой. Мой другі сын такі ж смелы. У яго доўгая-доўгая коска, якую ён носіць яшчэ са школы. Я заплятала гэтую коску. Я сама рамантык, і дзяцей спрабавала выхаваць у такім жа ключы.

Чым разнастайней, чым ярчэй вопратка, знешнасць, тым лепш. Няхай гэта праяўляецца праз ружовыя валасы, татуіроўкі на твары, кідкую вопратку — я толькі за! Што такое тату ці праколаты нос? Нават у першабытным грамадстве гэта было!

 

Іван: Пачаў даглядаць бараду, свядома адказваючы на пытанне, на каго я хачу быць падобны. На сябе

Мяне цягнулі доўгія валасы, мне падавалася, што я буду прыгожы з імі. Буду як Антоніа Бандэрас. Гэта, здаецца, пачалося пасля ваеннай кафедры. Быў перыяд пошуку сябе ва ўсім — і ў вобразе, і ў жыцці. Тады ж, як і з валасамі, мне стала цікава, як выглядае мая барада, калі яе не галіць. Мне было 33 гады, я падумаў, што дасягнуў узросту Хрыста, можна ісці і прапаведаваць. Тады гэта яшчэ не было мэйнстрымам, і многія рабілі кампліменты маёй барадзе, як дзяўчаты, так і мужчыны. У бацькі заўсёды была барада, магчыма, ад яго пачарпнуў вобраз. Ёсць бамжы, папы і хіпстары. Я пачаў даглядаць бараду, свядома адказваючы на пытанне, на каго я хачу быць падобны. На сябе.

 

Ганна Гружэўская, 53 гады, бізнес-вумэн.

Сын Андрэй Бонд — 30 гадоў, шоўмэн

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Ганна: Я заўсёды была шмотачніцай, бацька быў такі, таму і Андруша такі

Бацька Андрэя быў вельмі незвычайны па тых часах. У 90-я ён насіў доўгія валасы, завушніцы. Апранаўся з "Івушкі", баскетбалісткі з "Гарызонта" прывозілі з-за мяжы яму класныя шмоткі. Ён пісаў песні, крута спяваў, размаўляў па-англійску. На жаль, ён загінуў.

Я доўга працавала з адзеннем, у мяне была швейная вытворчасць і пяць крамаў адзення… Пачуццё густу нельга выхаваць — яно прыроджанае. Гэты кураж — ён ці ёсць, ці яго няма. Я заўсёды была шмотачнціцай, бацька быў такі, таму і Андруша ў нас такі.

З Андрэем мне падалося, што гадаваць дзяцей вельмі проста, бо ён быў вельмі самастойным, усё рабіў па гадзінніку. То бок, калі ў кніжцы напісана, што дзіця ў абед спіць тры гадзіны, Андрэй спаў тры гадзіны. Я магла за гэтыя тры гадзіны зганяць у іншы канец горада і парабіць свае справы. Але да інстытута ён быў ціхі і ніяк не вылучаўся. А там яго як прарвала.

Калі прыйшоў час рабіць выбар і паступаць ён сказаў: "Толькі мед". Ён тады ўжо падпольна нешта некаму “калоў”, хацеў быць касметолагам... Праз два гады іду па гродзенскім рынку, тэлефануе: "Маман, прывет. Можаш мяне павіншаваць. Я ў медістытуце больш не вучуся... ". Гэта яго выбар, яго шлях. Я не з тых, хто ляціць перад дзіцем і расчышчае дарогу. А перад хлопчыкам такое рабіць — увогуле ганьба.

Мяне ніколі не бянтэжыў яго выгляд. Вось і цяпер ён ходзіць з чорнымі пазногцямі і ў кілце — калі ласка. У мяне ў самой татуха на ўсю спіну. Я нікога не саромеюся. Калі нешта хочацца апрануць — я апранаю.

 

Андрэй: Мама ўбачыла, што “фігня” можа быць працай

Аднойчы тэлефануе мама: "Скінь тэлефон свайго татуіроўшчыка". Я скінуў і не звярнуў на гэта ўвагу. Увечары тэлефануе гэты хлопец і кажа: "Андрэй, твая мама была. Укатала палову спіны кветкамі. Каля пяці гадзін сядзела і нават страціла прытомнасць... ”

Калі мяне выгналі з медыцынскага і я пачаў займацца тым, чым займаюся цяпер, узнікла непаразуменне з бацькамі, якія плацілі за вучобу. Але потым, калі перада мной стаў выбар — працягваць займацца фігнёй, якой я займаюся, але выводзіць гэта на прафесійны ўзровень, ці кідаць гэта і ісці на "нармальную"  працу, я выбраў першае. І мама ўбачыла, што “фігня” можа быць працай. Увогуле, у мяне супермама, таму што ў адрозненне ад іншых, яна не выядае мозг на тэму, калі чакаць унукаў. 

 

Наталля Макоўская, 57 гадоў, кладаўшчыца на хлебазаводзе.

Сын Андусь Bezdar — 27 гадоў, занавальнік ZROBYM architects і фэшн-дызайнер (UND)

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Наталля: Да штаноў з заніжанай проймай стаўлюся скептычна, і да барады

Я вучылася ў радыётэхнічным інстытуце, але пасля трэцяга курса кінула — нарадзіўся Андрэй. Як толькі ён нарадзіўся, мы адразу набылі парту. Пачаў хадзіць — сталі вучыцца пісаць і маляваць. Не прапускалі ніводнага спектакля і выставы, набывалі і чыталі кнігі. Яму два гады было, а ён гартае кнігу, і паказвае Элі, Жалезнага Дрывасека. Восем гадоў не працавала. Мае дзеці, Андрусь і яго сястра, не хадзілі ў садок. Я сама з імі займалася. У першым класе ім не было чаго рабіць: самастойна пісалі і рашалі задачы.

Андрэй як атрымаў гэты кірунак, пісаць, чытаць, маляваць, так гэта і пайшло. Ён хацеў быць мастком. Але дзядуля падключыўся, і вырашылі, што лепш будаваць дамы. Таму з 5-га класа ён сам рыхтаваўся да паступлення.

У школах прымушалі апранаць школьную форму, а ён асобна замаўляў сабе вопратку ў атэлье. Мы не набывалі яе ў краме. Ён маляваў, якія трэба штаны, напрыклад, як у героя фільма "Шчаслівае чысло Слевіна", паказваў майстру, і па яго замове ўсё шылі. Нават швэдры для яго вязалі ў вязальным атэлье. І гэта ў восьмым класе!

Мне пакуль нічога не пашыў, але абяцаў майку. Чакаю. Падабаецца, што ён стварае. Адзінае, да штаноў з заніжанай проймай стаўлюся скептычна, і да барады. Мне пастаянна дае парады наконт таго, як апранацца і выглядаць: гэта табе не пасуе, гэта так, цяпер трэба нешта іншае, гэта лепш спалучаецца з гэтым. Прыслухоўваюся.

 

Андрусь: Я не хацеў ісці ў мастацкую школу, але мама націснула

Я маляваў мужчынскую калекцыю як для сябе. Калі трэба было прыдумаць сукенкі і спадніцы — я папрасіў гэта зрабіць маю дзяўчыну. А для мамы нешта прыдумаць — яшчэ складаней… Я лічу, што кожны чалавек павінен апранацца так, як яму зручна і падабаецца. Я апранаўся амаль звычайна, але было не ўсё адно, што на мне апранутае… Я не хацеў ісці ў мастацкую школу, але мама націснула. І калі б я яе не паслухаўся, не ведаю, кім бы я цяпер быў. З 7 класа дакладна хацеў быць архітэктарам. Я быў малы, але зразумеў, што грошы ёсць менавіта ў архітэктуры. У мастацкай сферы — гэта больш выключэнне, чым правіла. Але творчасць можна праяўляць у розных кірунках.

 

Любоў Францкевіч, 44 гады, юрыст.

Сын — Улад, 17 гадоў, гімназіст, яго профіль у Іnstagram мае каля 5 000 падпісчыкаў

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Любоў: Мы змаглі дамовіцца

У нас абсалютна класічная сям'я. Апраналі Улада заўсёды добра: з маленства ўсё было прыгожа — вопратка, каляска, усё ў тон… Але і пачуццё прыгожага выхоўвалі: мы шмат вандруем і шмат глядзім, ездзім па свеце. Магчыма, гэта сыграла сваю ролю. Бо ў школе ўсё дастаткова кансерватыўна, жорстка, усе гэтыя сучасныя густы там не асабліва вітаюцца.

У часы маёй маладосці быў дэфіцыт усяго. Не было магчымасці асабліва самавыяўляцца, хоць я таксама эксперыментавала са знешнасцю, за што часам ганялі бацькі. Маім эталонам была Мадонна. Я насіла такую ж прычоску і макіяж. А цяпер усё па-іншаму. Па-першае, безліч інфармацыі ў інтэрнэце, маладзёжныя фільмы, шмат чаго дзеці бяруць адзін ад другога. Але галоўнае — гэта гарызонты, тое, што дае нам магчымасць жыць, радавацца, пашыраць кругагляд і ўзбагачаць унутраны свет.  

Калі ён хацеў пафарбаваць валасы у цалкам белы, плацінавы колер, я адгаворвала з пункту гледжання здароўя валасоў. Але першы досвед быў такім: прыйшоў, зняў шапку і сказаў: "Здрасьце. Любіце мяне такім, як ёсць". Я сказала, што калі ты хочаш рабіць нейкія эксперыменты, лепш гэта рабіць у салоне з нармальнымі каларыстамі. Але я б не вітала нейкія кардынальныя рэчы, такія, як татуаж на твары ці прабітыя насы, мне гэта не вельмі падабаецца.  

Улад добра разумее, што такое добра, а што кепска. Ён заўсёды добра вучыўся, але потым рэзка стаў дарослым. Аднак мы змаглі дамовіцца. Сын хоча паступаць на міжнародныя адносіны ў БДУ, хаця я яго бачу рэжысёрам.

 

Улад: Больш будзем здзіўляць, людзі пачнуць да гэтага прызвычайвацца

У мяне з мамай цесныя адносіны і няма бар'ера, што яна мяне ўдарыць тапкам за тое, што я не так апрануты ці пафарбаваны… Я сачу за модай, моднай індустрыяй. Я лічу, што ў Мінску большасць людзей вельмі шэрыя і сумныя. І калі ў іншых краінах незвычайны выгляд падаецца нечым нармальным, то ў нас гэта ўспрымаецца ў штыкі. Больш будзем здзіўляць, людзі пачнуць да гэтага прызвычайвацца. 

 

Наталля Касатава, 52 гады, ІП у сферы гандлю.

Сын — Павел Хадзінскі, 32 гады, фатограф гарадскога часопіса CityDog

Мамы паспяховых беларускіх хіпстараў і моднікаў

Наталля: Калі б была ва ўзросце Пашы, не выключаю, што набіла б татуіроўку

Я нарадзіла сына ў 20 гадоў, тады не лічылася, што гэта рана. Была маці-адзіночкай. Але што ў гэтым такога?! Мы паўсюль былі разам — у парку, у тэатры. Гадаваць яго было зусім не цяжка...

У садку і малодшых класах яго стрыгла “шапкай” і пакідала маленькі хвосцік. Але ў дзяцінстве ў Паўла не было імкнення вылучыцца, яно з'явілася пазней, у падлеткавым узросце. Але гэта праявілася спачатку ў тым, што ён пачаў размаўляць па-беларуску, перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва, хацеў стаць каталіцкім святаром. Я вельмі перажывала з гэтай нагоды, бо ў мяне адзін сын. Унукаў хочацца, а тут нельга будзе жаніцца. Казала, што, ты ж любіш дзяўчат, як жа станеш святаром?!

А яшчэ ён мог у заклад па вуліцы прайсціся ў шатландскай спадніцы. Я нармальна да гэтага ставілася. Ён заўсёды быў добрым хлопчыкам, таму нейкія кілты мяне не пужалі. Ніколі не настойвала, каб ён абраў прафесію, якая падабалася мне. Маёй маме часам не падабаецца, як жыву я, мне можа нешта не падабацца ў жыцці сына. Але ў кожнага свой выбар. Паша вельмі самастойны, маё меркаванне ў разлік не бярэцца. Рашэнні прымае сам.

У вобразе Пашы мяне ўсё задавальняе, хіба што смешна ад яго рознакаляровых шкарпэтак. Калі б ён прыйшоў з пірсінгам, я б сказала, што гэта нязручна і негігіенічна, але прыняла б яго вобраз. Калі б цяпер была ва ўзросце Пашы, не выключаю, што набіла б сабе татуіроўку, але не на ўсё цела.

Я вельмі любіла французскую мову ў школе і марыла патрапіць у Францыю. У дзесяць гадоў сын казаў: "Мама, не перажывай, я вырасту, зараблю грошай і адвязу цябе ў Парыж". І завёз мяне ў Парыж. Гэта вельмі прыемна.

 

Павел: Не люблю доўга выбіраць вопратку і звычайна ведаю, чаго хачу

Доўгія васалы з восьмага класа. Праблем з гэтым у школе не было. Першыя сівыя валасы з'явіліся ў школе. Фарбаваць не хацелася, па-мойму, так прыгожа. Я не люблю доўга выбіраць вопратку і звычайна ведаю, чаго хачу. У апошні час выбіраю чорнае — гэта самы прыгожы колер для адзення. Падкрэсліваю яркай дэталлю, напрыклад, чырвонымі шкарпэткамі. Мне падабаецца тое, як я выглядаю цяпер… Чаму я не стаў гісторыкам-дакументазнаўцам? У нас было шмат розных практык у дзяржаўных органах і міністэрствах, яны адбілі ўсё жаданне гэтым займацца. Апошнія гадоў 15 мне падабалася нешта здымаць. Паралельна са сваімі іншымі заняткамі я здымаў дзяўчат, потым вырашыў, што дзяўчаты — гэта не цікава, і перайшоў да рэпартажаў.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі