Я хацеў, каб Украіна і Беларусь разам уступілі ў NATO і ЕС — Валенса
Лех Валенса / lrt.lt
Экс-прэзідэнт Польшчы Лех Валенса сцвярджае, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў хацеў, каб Беларусь і Украіна выйшлі з-пад расійскага ўплыву. І нават меў планы на гэты конт.
"Калі я быў прэзідэнтам, я хацеў, каб Украіна і Беларусь разам уступілі ў NATO і Еўрапейскі Саюз, — цытуе словы Валенсы lrt.lt. — Толькі я рабіў гэта ўпотай. Я хацеў, каб гэта было зроблена ў часе майго другога тэрміну. Другога тэрміну не было, таму ўсё развалілася".
Валенса прайграў прэзідэнцкія выбары 1995 года. На той час у Беларусі ва ўладзе ўжо быў Аляксандр Лукашэнка. Няўжо з ім збіраўся весці таемныя перамовы Лех Валенса? Ён яму на пачатку "здаваўся патрыётам".
"Вельмі шкада, што гэта не атрымалася, таму што ў нас не было б той сітуацыі, якая ёсць сёння, — кажа Валенса пра вайну ва Украіне. — У мяне была праграма, і я ведаў, куды рухацца. Я таксама хацеў, каб Расія панесла адказнасць, калі Савецкі Саюз распадзецца".
Цяпер жа экс-прэзідэнт Польшчы бачыць выхад у тым, каб дапамагчы расіянам змяніць палітычную сістэму ў РФ. "Гэта не Пуцін, гэта не Сталін, гэта палітычная сістэма ў Расіі, якая можа быць і Сталіным, і Пуціным", — гаворыць ён. І спадзяецца, што з дапамогай прапаганды магчыма паўплываць на жыхароў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.