“Я падатак вярнуў і выявілася: большасць дармаедаў у вёсцы ― не дармаеды!”

“Я падатак вярнуў і выявілася: большасць дармаедаў у вёсцы ― не дармаеды!”

Чыноўнікі заяўляюць, што падатковыя ўжо вяртаюць грошы тым, хто заплаціў збор за дармаедства ў мінулым годзе і ўжо ўладкаваўся на працу. Што праўда, ніводнага такога чалавека, мы так і не знайшлі. Затое знайшлі таго, у каго атрымалася вярнуць свае 360 “дармаедскіх” рублёў дзякуючы зменам ці інакш кажучы “тлумачэнням” прэзідэнтскага закона аб дармаедах.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі жыве ў вёсцы Дабрэйка Шклоўскага раёна. Ён “дармаед” вымушаны: у 2011 годзе яго звольнілі з ВНУ, дзе ён выкладаў, і з таго часу ён не мог уладкавацца нават дворнікам на працу. Адпаведна, атрымаў “ліст шчасця” з патрабаваннем заплаціць “падатак на дармаедства” за 2015 год.

“Сам па сабе закон быў “сыры”, і калі ўважліва яго прачытаць, то напэўна 10% насельніцтва Беларусі будуць дармаедамі па гэтым законе. У нашай вёсцы з 350 жыхароў  20 дармаедаў ― запісвалі ўсіх, хто быў не працаўладкаваны афіцыйна. І не важна, што ёсць прысядзібныя ўчасткі, састарэлая маці, якую трэба даглядаць, што няма куды працаўладкавацца ― сам факт няўдзелу ў фінансаванні дзейнасці дзяржавы разглядаецца ледзь не як злачынства”, ― кажа Пётр Мігурскі.

Асцерагаючыся, што могуць не выпусціць за мяжу ў выпадку нявыплаты падатку і не маючы жадання прасіцца ў чыноўнікаў з камісіі не прызнаваць яго дармаедам, Мігурскі падатак заплаціў. Ужо з пенсіі, якую атрымаў у другой палове 2016 года. І, кажа, не стаў бы гэтыя грошы вяртаць, калі б яго, як “узорнага дармаеда” не пачалі ставіць у прыклад іншым. Тым, хто падатак так і не заплаціў. А такіх сярод 20 дармаедаў-аднавяскоўцаў Мігурскага было… 19 чалавек.

Пётр Мігурскі: “Калі б з кожнага праса не пачалі казаць, што Мігурскі дармаед, не сталі мяне прыводзіць у прыклад: “Мігурскі дармаед заплаціў, а вы не плаціце, як вам не сорамна!”, я б гэтыя грошы не вяртаў. Але тут задумаўся над тым, каб тыя грошы вярнуць і такім чынам выйсці са статусу дармаеда”.

А тут яшчэ, як вынік веснавых антыдармаедскіх пратэстаў, 15 сакавіка ва ўсіх раённых газетах з’явіліся “тлумачэнні” закона аб дармаедах.  Адкуль даведаўся, што ад выплаты падатку вызваляюцца тыя, хто на вёсцы сядзе прыватную прысядзібную гаспадарку. Мігурскі пачаў змаганне  за сваё добрае імя.

Мігурскі: “Узяў даведку ў сваім сельсавеце і паехаў у падатковую інспекцыю. Дзе зразумеў, што падаткавікі не маюць самога механізму вяртання грошай. Яны мне там даказвалі, што я пад прэзідэнцкі ўказ не падыходжу, бо “там пра прыватную прысядзібную гаспадарку гаворка, а вам зямлю далі ў пажыццёвае прыватнае карыстанне”. Я тлумачу, што далі мне яе, і гэта напісана ў дакуменце, з мэтай вядзення прыватнай гаспадаркі. Карацей, там былі не гатовыя да такога павароту падзей, як вяртанне грошай”.

Амаль месяц Пятра Мігурскага ганялі за рознымі даведкамі то ў адну ўстанову, то ў іншую, але ён свайго дамогся ― у канцы траўня з падатковай інспекцыі прыйшлі паперы з паведамленнем, што яму “вяртаюць лішнія пералічаныя на падаткі грошы”. І 2 чэрвеня грошы былому дармаеду пералічылі на пенсійную картку.

Мігурскі: “Пасля гэтага старшыня сельсавета развезла практычна ўсім “дармаедам” вёскі Дабрэйкі даведкі, якія пацвярджаюць, што на самой справе яны не дармаеды. У дадзеным выпадку мая актыўная пазіцыя прывяла да таго, што пераважная большасць дармаедаў раптам апынуліся не дармаедамі!”

Усіх, хто як і ён, захоча вярнуць свае грошы, Мігурскі папярэджвае: справа гэта даволі нервовая ― бярэ дзяржава грошы лёгка, а вось вяртае з вялікай неахвотай. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі