"Я схуднела на 12 кг за тры месяцы" — канадка пра "галодныя гульні" ў Беларусі
Патрыцыя Ламана ў Беларусі / mlyn.by
Канадская футбалістка Патрыцыя Ламана пакінула Беларусь праз кепскае харчаванне ў клубе. Пра гэта дзяўчына расказала "Мінскай праўдзе".
Як распавядала Еўрарадыё, 28 чэрвеня Ламана згуляла свой апошні матч за клуб "Мінск", пасля чаго пакінула нашу краіну.
У Беларусь дзяўчына пераехала з Турцыі ў сакавіку. "Я гуляла ў турэцкім клубе, але, калі пачаліся землятрусы, мой агент знайшоў мне клуб у Беларусі. Сюды я і прыехала. Па маім прыбыцці клуб пасяліў мяне ў гатэль у Ратамцы, тут у мяне былі вельмі добрыя ўмовы, пакуль я не пераехала на клубную базу", — кажа Патрыцыя.
Канадка падпісала кантракт на год, але пасля трох месяцаў скасавала дамову. Па яе словах, на гэта паўплывалі ўмовы ў клубе.
"Адной з прычын майго сыходу з клуба было харчаванне. На жаль, яно не было нейкім добрым. У нас не было ні сняданкаў, ні абедаў. А часам пасля вячэрняга матчу ты прыходзіш у сталовую, а там стаіць твая страва, абматаная ў харчовую плёнку, цалкам халодная і ўжо не смачная. Я схуднела на 12 кілаграм за тры месяцы", — прызнаецца дзяўчына.
Яна кажа, што ў матчы з "Бабруйчанкай" ёй давялося гуляць на галодны страўнік: "Так, у той дзень я не ела нічога, бо ў нас на базе толькі вячэра, а гульня была да вячэры. У выніку на галодны страўнік я стала гульцом матчу і забіла чатыры галы". У той сустрэчы "Мінск" выйграў з лікам 13:0.
Патрыцыя Ламана мае мільён падпісчыкаў у Інстаграме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.