Як гэта дапаможа? Чаму Саша Філіпенка супраць "адмены" рускай культуры

Пісьменнік Саша Філіпенка / Еўрарадыё​
Пісьменнік Саша Філіпенка / Еўрарадыё​

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну больш актыўна загучалі заклікі "адмяняць" рускую культуру. З расійскімі артыстамі не працягваюць кантракты некаторыя замежныя тэатры, гучаць заклікі "адмяніць" літаратуру. А магчымасць удзелу кінакрытыка Антона Доліна ў беларускім фестывалі выклікала сур'ёзны скандал. Але ці мае сэнс "адмена" ўсяго расійскага? На гэтую тэму ў эфіры Еўрарадыё разважаў пісьменнік Саша Філіпенка.

"Маё галоўнае пытанне: як гэта дапаможа? Па-першае, я не разумею, як у 2022 годзе можна аддзяліцца і пабудаваць сцяну... Я не разумею, як можна ў культурным сэнсе аддзяліцца. Не разумею, калі кажуць "вось, у мяне каланіяльная траўма ад рускай літаратуры", для мяне гэта супердзіўна. Па-першае, колькі кніг вы прачыталі, каб атрымаць гэтую траўму? Мы бачым, што людзі катэгарычна не чытаюць цяпер, добра калі чытаюць дзесяць кніг у год, і ў гэтым сэнсе, калі яны расказваюць пра тое, што ў іх каланіяльная траўма ад рускай літаратуры... мне здаецца, што ў гэтым ёсць нейкае какецтва", — выказаўся Філіпенка.

На яго думку, ёсць, наадварот, добры спосаб зразумець чужую культуру, а ў забаронах сэнсу пісьменнік не бачыць. "Я не вельмі разумею, як забарона Чайкоўскага можа дапамагчы культуры Украіны", — кажа ён.

"Я размаўляю з хлопцамі, некалькі маіх знаёмых, адзін беларус і некалькі з Украіны, проста цяпер знаходзяцца на лініі фронту. Яны гавораць на рускай мове і ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі. У тым ліку і за тое, каб працягваць размаўляць на рускай мове ў сваёй свабоднай Украіне. Хто асмеліцца сказаць ім, людзям, якія цяпер са зброяй у руках абараняюць сваю краіну, што яны няправільна нешта зразумелі пра каланіяльную траўму?" — прывёў прыклад Філіпенка.

Пісьменнік працягвае: ён разумее, як Украіне можа дапамагчы адмова Германіі закупляцца расійскай "нафтанкай", але не тое, як дапаможа адмена рускай культуры.

"Мы не гатовыя да рашучых мер, але гатовыя адмяніць Шандаровіча на фестывалі "Прадмова". Шандаровіча, які большы аларміст, чым хто-небудзь, і цягам дваццаці гадоў расказваў, што мы прыйдзем да гэтага. Адмяніць фільмы Сакурава, які ў 2007 ці 2008 годзе казаў, што будзе гэтая вайна — прамым тэкстам, не метафарамі, не здагадкамі. А мы цяпер яго закэнсэлім. Была версія, што кэнселіць рускую культуру трэба, таму што гэтыя людзі плацяць падаткі ў Расіі. Расійская абаронка цяпер не на адлічэнні ад кніг Шандаровіча нападае на Украіну, гэта дакладна", — сказаў ён.

Філіпенка ўспамінае: ён выступаў у Штутгарце і заклікаў закрыць неба над Украінай, а ўкраінская пісьменніца побач: "Не, ні ў якім разе — вы што, не разумееце, што пачнецца трэцяя сусветная вайна?" "Мы разумеем, што Пуцін ведае толькі мову сілы: калі турэцкія самалёты збівалі расійскія знішчальнікі, сусветная вайна не пачалася", — упэўнены ён.

"Цяпер, калі ты кажаш нямецкім інтэлектуалам, якія выкацілі ліст, дзе заклікаюць Украіну здацца, таму што праз тое, што Украіна не здаецца, пакутуюць і гінуць людзі, а калі яна здасца і аддасць землі, Расія не будзе ладзіць ніякіх Буч, увойдзе з кветкамі, пабудуе гарады, і ўсё будзе добра... здайце Штутгарт. У гэтым ёсць пэўная крывадушнасць: мы гатовыя да прыгожых жэстаў, адмяніць Чайкоўскага, перастаць чытаць Пушкіна і Васіля Быкава, але пры гэтым мы не гатовыя адмовіцца ад таго, каб далей плаціць Расіі за газ", — тлумачыць думку Філіпенка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі