Як памяняліся заданні ў ЦТ, якое ў 2021-м зрабілі складанейшым

Цяпер ЦТ будзе яшчэ складанейшым / tut.by​
Цяпер ЦТ будзе яшчэ складанейшым / tut.by​

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў апублікаваў новыя спецыфікацыі заданняў цэнтралізаванага тэставання (ЦТ). Раней на гэта звяртаў увагу педагог Яўген Лівянт, які адзначаў змененую складанасць заданняў па фізіцы і матэматыцы.

Як пераканалася Еўрарадыё, складанейшымі сталі тэсты па ўсіх прадметах. Расказваем, што памянялася.

Возьмем, да прыкладу, тэст па гісторыі Беларусі. Раней у ім было 50 заданняў: 38 у частцы "А", дзе трэба выбіраць адказ з прапанаваных варыянтаў, і 12 — у частцы "Б", дзе сам запісваеш адказ.

Цяпер жа ў ЦТ па гісторыі Беларусі будзе 44 заданні: усяго 28 у частцы "А" і 16 у частцы "Б".

Агульная колькасць заданняў па фізіцы і матэматыцы не змянілася: 32. Пры гэтым і там, і там прыбралі па два заданні з часткі "А" і дадалі па два пытанні ў частцы "Б".

На шэсць заданняў стала менш у 2021 годзе ЦТ па хіміі: 44 замест 50. Адразу на дзесяць пытанняў скарочаная першая частка, другая павялічаная на чатыры. Пры гэтым тэматычна скарачэнні закранулі чамусьці толькі арганічную хімію.

Такое ж, як і ў хіміі, пераразмеркаванне пытанняў адбылося ў тэставанні па біялогіі. Там — за кошт блокаў "Разнастайнасць арганічнага свету" і "Чалавек".

У ЦТ па замежных мовах прыкметна "зрэзалі" частку "А": калі раней у ёй было 48 пытанняў, то цяпер будзе 30. Колькасць заданняў у частцы "Б" не змянілася (12), але іх каштоўнасць узрастае.

У грамадазнаўстве і геаграфіі замест 50 заданняў будзе па 44: зноў жа, скарачаюць частку "А" і трохі павялічваюць частку "Б". Адзіныя прадметы, па якіх змен няма, — руская і беларуская мовы.

Што гэта значыць для абітурыентаў?

Зноў змяняючы правілы гульні ў сярэдзіне навучальнага года (два гады таму дакладна гэтак жа нечакана вырашылі памяняць сістэму ацэнкі ЦТ), Мінадукацыі прыкметна ўскладняе падрыхтоўку да экзаменаў вучням і педагогам.

Адкрытыя пытанні па змаўчанні складанейшыя, чым закрытыя. Праз розныя фактары (хваляванне, дрэннае самаадчуванне — ды што заўгодна) абітурыент можа ведаць адказ, але няправільна яго запісаць. Ці не да канца зразумець фармулёўку пытання — і ў выніку "запароць" тэму, на якую ён бы адказаў пры неабходнасці выбіраць адказ з прапанаваных варыянтаў.

Акрамя таго, у частцы "Б" крытычна важнае дакладнае напісанне адказаў. Няправільная рысачка — і адказ не будзе залічаны.

Нарэшце, праз рост заданняў у частцы "Б" можа павялічыцца тэрмін праверкі бланкаў тэставання, бо апрацоўка адкрытых адказаў займае больш часу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі