Як прэмія "Даём рады" змяніла жыццё музыкам

“Даём рады” па-панку: абноўленыя “Дай дарогу!” і “Резиновый дом” на біс

7 лютага Еўрарадыё падводзіць вынікі мінулага года і ўручае штогадовую музычную прэмію "Даём рады" беларускім, а можа, і не толькі беларускім, музыкам. Хто атрымае галоўныя ўзнагароды сёлета — вырашыцца неўзабаве. А пакуль узгадваем дзейнасць мінулагодніх пераможцаў "Даём рады" у 2013 годзе.

Магілёўцы Akute, якія перамагаюць на "Даём рады" у намінацыях "Альбом" і "Гурт" рвуць на Захад, выступаючы ў Літве, Латвіі і Польшчы. Не абмінаюць і усходнюю Маскву. Але сакральным месцам для каманды становіцца Кіеў — менавіта там зводзіцца іх новая, ахутаная таямніцамі, пласцінка.

"Можам гаварыць пра прагрэс у плане канцэртаў — у параўнанні з мінулым годам мы сыгралі іх проста вялікую колькасць, — ацэньвае сваю актыўнасць у 2013 годзе вакаліст Стас Мытнік. — Мы пачалі і скончылі запіс новай пласцінкі, думаю, што ў лютым-сакавіку яе можна будзе пачуць. Гэта была самая галоўная наша задача на мінулы год, бо ўжо час быў, час выпусціць новы альбом. Таксама добрыя ўражанні засталіся ад паездкі Літва-Латвія-Польшча. Ну, і з'явіўся кліп, да якога мы ішлі доўга і ўпарта. Я лічу, што за гэты год мы шмат чаго зрабілі і шмат чаго дасягнулі".

Бярозаўскі гурт :B:N:, альбом якога “Крок за крокам” пампуюць на сайце Еўрарадыё найбольшую колькасць разоў у 2012 годзе, летась праходзіць перафарматаванне, змяняе склад і робіцца бярозаўска-мінскай фармацыяй. Яшчэ да змен музыкі выпускаюць першую частку сваёй “Акустыкі”. А пасля радуюць фэнаў новымі сінгламі і больш жорсткім гучаннем.

“Мы нічога асабліва не рабілі: хадзілі на працу, гулялі, пісалі песні, выдалі, памятаеце, песню на беларускай мове і яшчэ 2 сінглы. У суме — тры сінглы”, — прыгадваюць свае заслугі ў 2013 годзе ўладальнікі ўзнагароды за лепшае відэа, каманда v_e_g_e_t_a_b_l_e_s_. Праўда, у хуткім часе музыкі збіраюцца актывізавацца і парадаваць прыхільнікаў новай пласцінкай.

Працуе над сабой і рыхтуе паўнавартасны дэбютнік і пераможца ў намінацыі “Сінгл” гурт Avias. Цягам года музыкі мяняюць гітарыста і ў асноўным адмоўчваюцца, даючы некалькі канэртаў за год.

"Надзея года" паводле “Даём рады”, Re1ikt даюць безліч канцэртаў у вялікіх і маленькіх беларускіх гарадах, працягваюць агучаць беларускае нямое кіно, выступаюць на шматлікіх фэстах, ладзяць экскурсію па сваім мінулым, ствараюць матэрыял для новай пласцінкі.

"Самая галоўная падзея ў тым, што мы вельмі актыўна канцэртавалі, — распавядае бубнач Аляксандр Дземідзенка. — Па-другое, мы паўдзельнічалі ў праекце "Тузін. Немаўля", здолелі і запісаць, і выдаць, і прэзентаваць яго і тут, і там. Гэта насамрэч вельмі значная і нават гістарычная падзея. І не толькі для гурта, але і для беларускай музыкі. Я думаю, што, можа, не цяпер, але з цягам часу людзі зразумеюць усё ж такі значнасць гэтай падзеі".

Clover Club у 2013 годзе прыходзяць у сябе пасля актыўнага стрэлу. Аднак, склаўшы рукі не сядзяць. Музыкі следам за Akute спрабуюць скарыць краіны Балтыі ды выпускаюць дэбютны кліп на новы хіт “East China Shore”.

Аўтары аднаго з лепшых альбомаў-2012, Yellow Brick Road, праводзяць 2013 год у студыі — мантуюць відэа канцэрта-прэзентацыі апошняй пласцінкі “Futuremental" і запісваюць”15 новых песень. Праўда, пакуль не ведаюць, што з імі рабіць.

Лідар "Дай Дарогу!" Юрый Стыльскі напружваецца, каб прыгадаць усё, чым жыў гурт цягам 2013 года. Каманда, якая на мінулай "Даём рады" узяла прызы ў намінацыях "Альбом" і "Гурт" сёлета правяла вялікую працу ў стварэнні "Велаакустыкі" — грандыёзнага студыйнага лайфа.

Юрый Стыльскі: "У лёгкім варыянце перапісалі шмат песень, запісалі акустыку, узялі для гэтага гітарыста на сола. А канцэртаў столькі, што ў мяне ўжо яны зліліся ў адзін. Ну, і 15 жа гадоў было гурту! Круглая дата, Дзень нараджэння і добрая нагода, каб адзначыць гэтую лічбу".

Сёлетняя прэмія “Даём рады” прайшла 7 лютага ў клубе Re:Public з удзелам "Дай Дарогу!", Neuro Dubel, Nizkiz, Sciana, Harotnica і "Тлушч". Гуртом года быў названы Ляпіс Трубяцкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі