Як у 1990-я: пасля матчу на "Барысаў-Арэне" невядомыя спынілі машыну з суддзямі
Незвычайнае здарэнне адбылося ўвечары 14 чэрвеня пасля заканчэння на "Барысаў-Арэне" матчу чэмпіянату Беларусі па футболе паміж БАТЭ і салігорскім "Шахцёрам" (2:2). Як паведамляе Беларуская федэрацыя футбола, па дарозе з Барысава аўтамабіль, у якім ехала судзейская брыгада Віталя Севасьяніка і інспектар, спынялі невядомыя. Спачатку яны на легкавіку стваралі аварыйныя сітуацыі, а пасля абагналі аўтамабіль, спыніліся і заблакавалі рух. Зламыснікі запатрабавалі, каб суддзі і інспектар выйшлі з машыны, абражалі іх і пагражалі — яны былі абураны судзействам у матчы на "Барысаў-Арэне". Пасля гэтага невядомыя з'ехалі.
АБФФ заяўляе пра катэгарычную непрымальнасць такіх дзеянняў і абяцае, што зробіць усё неабходнае для абароны афіцыйных асоб ("у межах заканадаўства"). Запіс відэарэгістратара, рэгістрацыйны нумар аўтамабіля, на якім ехалі зламыснікі, перададуць праваахоўнікам.
Як вядома, цэнтральны матч 13-га тура паміж БАТЭ і "Шахцёрам" запомніўся скандалам. Гарнякі здолелі зраўняць лік пасля небяспечнай гульні супраць брамніка барысаўчан, чаго не заўважыў арбітр. Гэта абурыла і футбалістаў гаспадароў поля, і трэнераў, і кіраўніцтва клуба, і заўзятараў.
У БАТЭ цяпер 27 ачкоў, у салігорцаў на 2 ачкі менш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.