Як вокладкі альбомаў “Дай Дарогу!” выглядалі 15 гадоў таму

Як вокладкі альбомаў “Дай Дарогу!” выглядалі 15 гадоў таму

Днямі брэсцкі панк-рок-гурт “Дай Дарогу!” адзначыў 20-годззе. Як кажа нязменны лідар каманды Юра Стыльскі, за два дзесяцігоддзі ДД! “сталі мацёрымі, больш папсовымі і злёгку вылезлі з андэграўнду”.

Змяніліся і вокладкі альбомаў, якія “Дай Дарогу!” выдавалі цягам усіх гэтых гадоў.

Гэта быў зусім іншы час!

Уявіце сабе: замест таго, каб зайсці на iTunes і праз хвіліну слухаць патрэбны альбом, ты тэлефанаваў у Брэст і рабіў замову. Ёдаў упакоўваў дыск у адмысловы пупырчаты канверт і адпраўляў у Мінск. Праз некалькі дзён ты знаходзіў у паштовай скрыні маленькі квіток: пасылка ўжо ў Мінску! Ішоў у паштовае аддзяленне, плаціў за дастаўку, атрымліваў пасылку, вяртаўся дадому ― і вось ён, новы дыск “Дай Дарогу!”

Альбом “На морозе” выйшаў у 2002 годзе. Тады на беларускім тэлебачанні былі хіт-парады кліпаў, таму на гэтым дыску адразу два відэа: на песні “На Ямайке” і “Она не знала”. Плюс “33 медали” ды “Supersession”, якія гурт раз-пораз грае на канцэртах дагэтуль.

Праз два гады ― у 2004-м ― ДД! выпусцілі альбом “20 см”. З гэтага рэліза “Дай Дарогу!” атрымлівае сапраўднае прызнанне па ўсёй Беларусі. Яго вокладка ― “газета” з тэкстамі песень і непрыстойнымі малюнкамі:

Над запісам “20 см” працаваў класічны склад “Дай Дарогу!”, які пратрымаўся нязменным амаль 10 гадоў: Юрый Стыльскі, Кірыл Скам’ін і Алег Фядоткін. Сярод хітоў альбома ― “20 см”, “Армия”, першы варыянт “Прыгай в коляску” (пачынаецца словамі “Воздуха пренье”), і “Вечерний Брест” які натхніў дуэт Стыльскі & Jodov на афармленне вокладкі. Памятаеце, як вы ў першы раз слухалі гэтую песню? Мы памятаем. Калі Юра даспяваў да словаў: “Все пищевые взломали склады, дедушке сторожу…” ― і зрабіў эфектную паўзу, у галаве была адна думка: “Ды не можа быць!” Але не, можа!

“На морозе” і “20 см” ― другі і трэці альбом “Дай дарогу!” з “сытых” 2000-х. А ў пачатку 2010-х, калі Беларусь накрыла эканамічным крызісам, ДД! запісалі вострасацыяльны дыск “Сквозь говно”. Гісторыя гэтага ― сёмага альбома ― таксама непарыўна звязаная з Еўрарадыё. Онлайн-прэзентацыя дыска, запланаваная на нашым сайце, ледзь не сарвалася, бо адказны за яе журналіст пра ўсё забыўся і з’ехаў у Літву. Прэзентацыю выратавала… нерэальна доўгая чарга за мяжы: за час, што журналіст прастаяў у ёй, трэкі паспелі заліцца на сайт. Старонка з прэзентацыяй дагэтуль існуе, і альбом там дагэтуль можна паслухаць, а вось спампаваць ― больш не.

"Дай дарогу!" ― "На Ямайке"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі