Як вучні звычайнай вясковай школы дабіраюцца на заняткі 13 кіламетраў(фота)

Як вучні звычайнай вясковай школы дабіраюцца на заняткі 13 кіламетраў(фота)

“Падымаюся ў 7:20, дабрацца да прыпынку 15 хвілін, пасля яшчэ паўгадзіны на аўтобусе, каб даехаць да школы”, — апісвае свой шлях дзевяцікласнік Раман. 

Год таму ён вучыўся ў родных Урбанах, гэта ў 13 кіламетрах ад Браслава. Але школу пераўтварылі ў дзіцячы садок, бо “мала вучняў” — толькі дваццаць чалавек. Яшчэ праз год школу могуць закрыць зусім. Разам з Раманам дабіраемся да Браслава.

 Дарога да школы

 “Дзеці, паглядзіце, ці ўсе селі, хто мусіў тут зайсці”, — перапытвае бібліятэкарка, яна суправаджае школьнікаў з дзясятка вёсак у школу ў Браслаў. Ва Урбанах, вёсцы на мяжы з Латвіяй, школьны аўтобус спыняецца ў 7:45. Уваходзяць два вучні.

 

Аўтобус збірае дзяцей па вёсках амаль дзве гадзіны. Ва Урбанах у салоне ўжо грэюцца больш за 20 школьнікаў, ад 5-ага да 11 класаў. Больш за 30 чалавек у такі транспарт проста не сядзе.

“У старой школе нас у класе было трое, а цяпер 24 чалавекі. З настаўнікамі пакуль яшчэ не раззнаёміліся. Са старых настаўнікаў у гэтай новай школе ніхто не працуе”, — распавядае дзевяцікласніца Дар’я.

Спазніцца нельга, бо з траснпартам тут праблемы: рэйсавы аўтобус ходзіць тры разы на тыдзень.

З Урбанаў да Браслава ў аўтобуса яшчэ пяць прыпынкаў. Ён рухаецца па асфальтаванай шашы, некаторым школьнікам з аддаленых дамоў даводзіцца па кіламетры праходзіць пешшу, каб трапіць на аўтобус. Такім чынам да сваіх класаў у Беларусі дабіраюцца 70 тысяч школьнікаў.

У Браславе каля новай для вясковых вучняў школы аўтобус спыняецца ў 8:15. Да пачатку заняткаў у школьнікаў яшчэ 45 хвілін. Але прывезці пазней не могуць: школьны аўтобус едзе на яшчэ адно кола за новай партыяй вучняў з іншых вёсак. На гэты час у вучняў ці то класная гадзіна, ці то інфармацыйны час. Урокі, згодна з распараджэннем кіраўніка краіны, пачынаюцца а 9:00.

З заняткаў таксама забіраюць у адзін і той жа час, у 16:30. Калі заняткі ў некага з вучняў заканчваюцца раней, яны бавяць час проста ў школе, ці то на факультатывах.

А паводле Мінадукацыі, увесь рух школьных аўтобусаў прывязаны да заняткаў. Пра што падчас прэс-канферэнцыі паведамляе Ірына Каржова, намесніца начальніка упраўлення адукацыі.

“Школьныя аўтобусы арганізуюць свой рух у звязцы з пачаткам заняткаў”. Як бачым, у Браслаўскім раёне, каб усіх прывезці ў адзін час, аўтобусаў не хапае.

Асноўны будынак Урбанскай школы цяпер пустуе. Удзень школа зачыненая, унутры нікога няма. Вакол растуць яблыні, невялікі агарод з капустай, кветкі. На агародзе і ў садзе школы працавалі вучні з настаўнікамі, частка ўраджаю з агароду пасля ішла на абеды ў сталовую. 

Іншы будынак школы цяпер выкарыстоўваецца пад дзіцячы садок. Тут утульна, на падлозе новы ламінат, у класах на настаўніцкіх сталах камп’ютары. У зале фізкультуры нават новыя трэнажоры.

Цяпер гэты садок наведваюць 15 дзяцей з розных вёсак. Гэты будынак Урбанскай школе падарылі на стагоддзе. Настаўнікі з вучнямі самі даглядалі яго стан і стан навакольнай тэрыторыі. Апошні год ва Урбанскай школе працавалі 14 настаўнікаў. У Браслаў на працу з іх уладкаваліся толькі двое, некалькі чалавек засталіся на год працаваць у садку. Іншыя — хто сыйшоў на пенсію, хто змяніў прафесію. Аднаго маладога спецыяліста, які тут працаваў, пераразмеркавалі у іншую вёску.

“З дзесяці апошніх выпускнікоў Урбанскай школы амаль усе паступілі ва ўніверсітэты на бюджет. Дзеці вучыліся з настаўнікамі, як з рэпетытарамі, да кожнага быў падыход. А летась мая дачка заканчвала ўжо Браслаўскую школу, там з класа амаль ніхто не паступіў у ВНУ, пару чалавек”, — распавядае Алена, яе сын цяпер вучыцца ў Браславе.

Навучанне у зачыненай школе цалкам вялося па-беларуску. Цяпер вучняў перавялі ў школу з рускай мовай навучання.

“Пакуль школа была тут, у іх была бясплатная прадлёнка, яны там рабілі ўрокі, за імі глядзелі настаўнікі. А ў Браславе хіба будуць за імі глядзець пасля заняткаў?” — перажывае Наталля, яе дачка ідзе ў 9-ы клас браслаўскай школы.

“Каб школа была, трэба 50 вучняў”

Перад навучальным годам у Браслаўскім раёне цалкам закрылі дзве школы. Яшчэ некалькі школ “рэарганізавалі”, то бок проста перарабілі школы ў садкі ці ў пачатковыя школы.

“Мы ж глядзім, як падвоз арганізаваць, як настаўнікаў уладкаваць. Калі менш за 50 чалавек у школе, гэта ўжо праблема”, — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле адукацыі Браслаўскага райвыканкама.

А ў мінадукацыі, кажуць, што нейкай какнрэтнай колькасці навучэнцаў, пры якой школу закрываюць… не існуе.

За апошнія шесць гадоў колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (гэта пераважна школы) скарацілася на 499, падлічвае Белстат. Толькі за год іх стала менш на 75 адзінак(з 2015 па 2016 гады) Пры гэтым колькасць навучэнцаў наадварот вырасла. Гэта значыць, што закрыліся якраз малакамплектныя вясковыя школы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі