Які першы дакумент падпісаў новы прэм’ер Сяргей Румас
На “Нацыянальным прававым партале” з’явіўся першы дакумент за подпісам новага прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса. Ён мае назву “Аб вызваленні некаторых службовых асоб” і прысвечаны апошнім зменам ва ўрадзе Беларусі.
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанаўляе: Вызваліць у сувязі з пераводам да другога наймальніка (пункт 4 часткі другой артыкула 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь): Крутога Дзмітрыя Мікалаевіча ад пасады першага намесніка Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь; Ляшэнку Ігара Васільевіча ад пасады старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі; Уцюпіна Паўла Уладзіміравіча ад пасады намесніка Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь. Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.Румас
Між тым, грамадзянская кампанія "Наперад, Беларусь!" патрабуе прызнаць несапраўдным указ Аляксандра Лукашэнкі №327, якім Сяргей Румас прызначаны прэм'ерам. У заяве сцвярджаецца, што новы прэм'ер прызначаны без узгаднення з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а гэта "з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а менавіта артыкулаў 84 і 106, якія вызначаюць парадак прызначэння прэм'ер-міністра".
Апошняя пастанова, падпісаная папярэднікам Румаса Андрэем Кабяковым і апублікаваная на “Нацыянальным прававым партале”, мае нумар 608. Пастановы Саўміна №609 і 610 не апублікаваныя.