Ярмошына распавяла, якія змены ЦВК хоча ўнесці ў Канстытуцыю
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына распавяла, якія змены ў Канстытуцыі хацеў бы бачыць ЦВК. Па яе словах, якія перадае БЕЛТА, гэта тры прапановы.
Старшыня ЦВК падкрэсліла, што гэтая структура не ўдзельнічае ў падрыхтоўцы прапановаў па зменах у Канстытуцыю. Але свае пажаданні Цэнтрвыбаркам мае. Па-першае, у ЦВК лічаць неабходным зменшыць абмежаванняў выбарчых правоў грамадзян. У прыватнасці, прапануецца даць права на ўдзел у галасаванні асобам, якія да прысуду знаходзяцца пад вартай. Гэтыя людзі яшчэ не асуджаныя судом і фармальна не з'яўляюцца вінаватымі. Такім чынам, яны маюць права ўдзельнічаць у галасаванні.
Таксама Цэнтрвыбаркам лічыць неабходным выключыць інстытут адклікання дэпутата — як непрацуючы і які не мае патэнцыйных магчымасцяў ужывання.
Трэцяя прапанова — сыход ад права вылучэння і ўвогуле ўдзелу ў выбарах працоўных калектываў. Па словах Ярмошынай, гэтая норма працуе ўсё радзей. Працоўныя калектывы даволі актыўна вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, але кандыдатаў у дэпутаты — хіба толькі на мясцовых выбарах. На парламенцкіх выбарах такая магчымасць ужываецца рэдка.
Пры гэтым Ярмошына падкрэсліла, што прапановы ЦВК могуць быць рэалізаваныя без рэферэндуму, парламенцкіх шляхам.