Ярмошына: Высветліць, ці былі ўкіды бюлетэняў, можна толькі пры падліку галасоў
9 верасня назіральнікі з кампаніі “Права выбару” заявілі пра парушэнні на выбарчым участку №625 і апублікавалі ў якасці доказу фотаздымкі скрыні з бюлетэнямі. Ці праводзілася праверка па дадзеным факце, цікавіцца Еўрарадыё ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Ярмошына: “Акруговая выбарчая камісія ўчора (10 верасня ― Еўрарадыё) на той участка. Праўда, калі яны прыехалі, скрыня для галасавання ўжо была дастаткова запоўненая. І ўбачыць нейкую карціну, як ляжаць бюлетэні, засыпаныя тымі, што былі закінутыя ў апошнія часы не ўяўлялася магчымым. Тым не менш, старшыня ўчастковай камісіі хоць нейкія парушэнні адмаўляе. Такім чынам, ісціны будзе выяўленая толькі шляхам падліку галасоў. Ніякіх іншых спосабаў дазнацца праўды не існуе ўвогуле”.
Колькі часу прайшло пасля падачы скаргі да прыезду правяраючых, цікаўлюся ў назіральніка Яраслава Навуменкі, які і зафіксаваў парушэнне.
“Гэта было ў абед 9 верасня ― я, выходзячы з памяшкання, кожны раз фатаграфую пломбы. І проста выпадкова заўважыў, што ў скрыні такі вось стос ляжыць. Праверка прыехала на наступны дзень пасля абеду”, ― кажа назіральнік.
Як даведалася Еўрарадыё, прыехала праверка разам са здымачнымі групамі трох дзяржаўных тэлеканалаў. Праўда, у выніку нічога са сказанага Яраславам Навуменкам у эфір так і не трапіла.
Фота са старонкі ў Фэйсбуку Яраслава Навуменкі