Увесь час цярпелі абразы. Украінская студыя адказала бязрукаму саўнд-прадзюсару
Андрэй Жукаў. Фота: 24smi.org
Днямі мы расказвалі гісторыю Андрэя Жукава — бязрукага саўнд-прадзюсара з Беларусі, які сцвярджае, што трапіў ва Украіне ў сапраўднае рабства. Увечары 24 кастрычніка на сувязь з Еўрарадыё выйшаў Сяргей Білавус, дырэктар кампаніі ТАА "Этамік Ганс Рэкардс". Кампаніі належыць студыя, у якой з лютага 2017 года працаваў беларускі саўнд-прадзюсар. Сяргей Білавус расказвае сваю версію таго, што здарылася.
Падаём ліст цалкам:
"Усе заявы Андрэя Жукава — паклёп. Увесну 2017 года Андрэй Жукаў прыехаў ва Украіну і выказаў жаданне ўдзельнічаць у адным з праектаў нашай студыі на партнёрскіх асновах.
Паводле нашай дамоўленасці, сумесна з камандай нашых музыкаў Андрэй павінен быў узяць удзел у стварэнні некалькіх песень. Пасля афіцыйнай публікацыі гэтых песень Андрэй мусіў атрымліваць частку ад чыстага прыбытку, якую, магчыма, дадзеныя песні прынясуць.
На жаль, за 1,5 года нам не ўдалося выпусціць ніводнай песні, і мы прынялі рашэнне спыніць супрацоўніцтва з Андрэем.
Асноўнымі прычынамі разрыву адносін былі:
— вельмі сур'ёзныя канфлікты Андрэя з усімі без выключэння ўдзельнікамі праекта. Каманда цярпела пастаянныя прыніжэнні і абразы, праз што некалькі ўдзельнікаў калектыву былі вымушаныя пакінуць праект. Адной з удзельніц нават давялося звярнуцца ў бальніцу і некалькі месяцаў прымаць розныя прэпараты, каб выйсці са стану, да якога яна была даведзеная Андрэем;
— тэхнічныя памылкі падчас будаўніцтва студыі, якія прывялі да зацягвання будаўніцтва на 8 месяцаў і вельмі сур'ёзных дадатковых выдаткаў. Фактычна студыю давялося пабудаваць два разы, другі — ужо з прыцягненнем асобнай каманды спецыялістаў-акустыкаў;
— цягам некалькіх тыдняў перад расставаннем Андрэй фактычна перастаў займацца музыкай і выкарыстаў увесь студыйны час у асабістых мэтах — для прагляду фільмаў, камп'ютарных гульняў і іншых рэчаў, якія не маюць дачынення да музыкі. За гэтым працэсам штодня назіралі дзясяткі людзей;
Пасля расставання з Андрэем мы прапанавалі яму юрыдычную дапамогу, бо ён знаходзіцца ва Украіне, з'яўляючыся грамадзянінам Беларусі, і фінансавую дапамогу на выпадак адсутнасці сродкаў для таго, каб пакінуць краіну або знайсці працу.
Аднак Андрэй адмовіўся ад нашай дапамогі, пачаў патрабаваць значныя сумы грошай і паабяцаў падняць грамадскі рэзананс у выпадку, калі мы адмовімся плаціць.
Сума яго маёмасных прэтэнзій, паводле яго падлікаў, складае 300 тыс. долараў ЗША, якія, на яго думку, студыя абавязаная заплаціць за яго ўдзел у стварэнні і майстарынгу шасці нявыпушчаных песень.
Варта заўважыць, што з Андрэем былі падпісаныя дамовы, па якіх ён за аплату перадаў тую частку аўтарскіх правоў, якая належала яму ў музычных творах нашай студыі. Калі спатрэбіцца, то мы з задавальненнем прадставім гэтыя дакументы ў судзе.
Цяпер Андрэй прыцягвае ўвагу грамадскасці пры дапамозе паклёпу, піша звароты ў пракуратуру аб ашуканскіх дзеяннях. Мы лічым прэтэнзіі Андрэя абсурднымі, у сувязі з чым у дадзены момант рыхтуем звароты ў адпаведныя судовыя інстанцыі.
Андрэй таксама сцвярджае, што мы забралі яго пашпарт. У нас ніякіх дакументаў Андрэя няма, і мы не ведаем, дзе яны знаходзяцца. Аднак, наколькі нам вядома, падаваць заявы ў пракуратуру, суд і іншыя інстанцыі Украіны без дакументаў, якія сведчаць пра асобу, немагчыма.
Хочам адзначыць, што на дадзены момант прадукт, у стварэнні якога Андрэй браў удзел, не выпушчаны і цягне пастаянныя і значныя выдаткі.
Цяпер студыя з'яўляецца некамерцыйным праектам для развіцця ўкраінскай музыкі. Мы плануем даць магчымасць таленавітым украінскім калектывам-пачаткоўцам бясплатна рабіць свае запісы на адной з найлепшых студый ва Украіне. Мы робім вялікія інвестыцыі ў музыку ў першую чаргу дзеля самой музыкі. І нам вельмі шкада, што ў працэсе даводзіцца сутыкацца з людзьмі, якія спрабуюць на гэтым нажыцца і стварыць грамадскі рэзананс за кошт паклёпу і маніпулявання грамадскай думкай".
Тым часам саўнд-прадзюсар Андрэй Жукаў, які да 2017 года жыў у Мінску і працаваў з вядомымі беларускімі камандамі — "Ляпісам Трубяцкім", Drum Eсstasy, Troitsa, — сцвярджае, што ў Харкаве яго "ўзялі ў рабства": мясцовы бізнесовец Улад Шрубек запрасіў яго будаваць студыю мары: маўляў, твае ідэі, мае грошы. Жукаву прапанавалі зарплату ў 1000 долараў, кватэру і афармленне віду на жыхарства. Для гэтага забралі пашпарт гукарэжысёра і "скралі права" на яго песні:
"Я паверыў Уладу, таму што ён выклікаў давер. Хоць потым людзі і смяяліся, што ўсе злодзеі — спачатку вельмі абаяльныя людзі. У маё кола зносін такія тыпажы раней не ўваходзілі. Мне не трапляліся такія людзі, якія маглі скарыстацца ў сваіх мэтах маім станам і маім шалёным захапленнем музыкай".
Жукаў кажа, што ў Харкаве цяпер ёсць гуказапісвальная студыя за $1 млн, куды ён уклаў душу.
"Прыборы шукаў па ўсім свеце. Ёсць рарытэтныя, напрыклад, тыя, якія выкарыстоўвалі Стыві Уандэр, Nirvana, Metallica", — сцвярджае саўнд-прадзюсар.
Па словах Жукава, бізнесовец захацеў прысвоіць шэсць песень, напісаных, запісаных і зведзеных беларусам. Праз адваката гукарэжысёру перадалі, што яго вывезуць у Расію, "а далей боўтайся як хочаш".
Жукаў даводзіць, што цягам трох тыдняў спрабаваў узяць даведку пра страту пашпарта ў мясцовай паліцыі, але яе не выдавалі. Без даведкі з паліцыі саўнд-прадзюсар не можа звярнуцца па дапамогу ў амбасаду Беларусі ў Кіеве, каб усё ж вярнуцца дадому.
22 кастрычніка па заяве Андрэя Жукава справай занялася харкаўская пракуратура.