З гродзенца запатрабавалі транспартны падатак за машыну, угнаную 4 гады таму
Гродзенец Іван атрымаў паведамленне на выплату транспартнага падатку за VW Tiguan. Аднак машыны ў яго няма: яе ўгналі чатыры гады таму ў Чарнагорыі, куды ён ездзіў на адпачынак, піша autogrodno.by.
Гродзенец адразу ж паведаміў у мясцовую паліцыю. Звесткі пра вышук машыны былі размешчаныя ў базе Інтэрпола.
Пасля вяртання Іван паведаміў пра ўгон і ў гродзенскую міліцыю. І хаця аўтамабіль дагэтуль не знайшлі, падатковая вырашыла спагнаць з мужчыны транспартны падатак.
Калі Іван звярнуўся ў падатковую, яму сказалі, што базу для транспартнай пошліны складюць у ДАІ. А ў Дзяржаўтаінспекцыі заявілі, што гродзенец сам павінен аднесці ў падатковую дакумент пра ўгон аўтамабіля.
"Мне нават параілі зняць машыну з уліку на ўтылізацыю. Але гэты варыянт не пасуе, бо калі VW Tiguan знойдзецца, то ў мяне на яго ўжо не будзе ніякіх правоў", — кажа Іван.
Урэшце ён даслаў электронны запыт у МУС. І літаральна праз тры тыдні яму прыйшоў ліст з падатковай, што яго аўтамабіль лічыцца ў вышуку, таму транспартны падатак плаціць не трэба.
"Што мяне здзівіла ва ўсёй гэтай гісторыі, дык гэта тое, што інфармацыя пра ўгон "Тыгуана" з баз Інтэрпола не трапіла ў нашыя мясцовыя базы Дзяржаўтаінспекцыі. Атрымліваецца, што калі б, тэарэтычна, гэтую машыну змаглі б нейкім цудам пераправіць праз мяжу, то яна магла б без праблем эксплуатавацца ў Беларусі і ні ў каго б нават сумневаў не ўзнікла, што яе шукаюць паліцыі розных краін", — канстатуе гродзенец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.