З "Нёмана" сышоў спартыўны дырэктар Кавалёнак, якога затрымлівалі сілавікі
Дзмітрыя Кавалёнка называюць легендай гродзенскага футбола / grodnonews.by
З ФК "Нёман" (Гродна) сышоў спартыўны дырэктар Дзмітрый Кавалёнак, паведамляе "Трыбуна". Аднак на сайце клуба яго прозвішча яшчэ застаецца. 28 чэрвеня яго затрымалі сілавікі і знялі відэа пра гэта: з клубнага офіса вывелі ў кайданках як небяспечнага злачынца. Кавалёнка абвінавачвалі ў падпісцы на "экстрэмісцкія" рэсурсы і ўдзеле ў маршах пратэсту ў 2020-м.
29 чэрвеня Дзмітрыя Кавалёнка вызвалілі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адбылося гэта дзякуючы тэлефанаванням галоўнага трэнера "Нёмана" Ігара Кавалевіча. З кім ён размаўляў, невядома. Відаць, адной з умоў вызвалення стала звальненне Кавалёнка з пасады ў клубе.
Высветлілася, што ў 2020 годзе, калі кіраўніцтва і трэнерскі штаб "Нёмана" падпісваўся ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрый Кавалёнак не стаў ставіць свой подпіс. Яму давялося пісаць тлумачальную запіску: "Маё выхаванне, маё сумленне, абвостранае пачуццё справядлівасці не дазваляюць".
Кавалёнку 45 гадоў. Ён — былы футбаліст "Нёмана". Пра завяршэнне кар'еры гульца аб'явіў у 2017-м. Яго называюць легендай гродзенскага футбола.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.