З тэлеканала СТБ звольнілася рэдактарка Лілія Латагурская
Рэдактарка тэлеканала СТБ Лілія Латагурская звольнілася з працы па палітычных прычынах. Пра гэта яна паведаміла ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Жанчына піша, што звольніцца трэба было яшчэ 12-13 жніўня — гэта значыць, пасля жорсткіх разгонаў вулічных акцый, дзе было мноства параненых і нават забітыя.
Але,маўляў, спярша вырашыла застацца на тэлебачанні "і прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць давер грамадства да тэлебачання, падняць прэстыж улюбёнай прафесіі". Гэтаму паспрыяла і сустрэча калектыву СТБ з міністрам інфармацыі Ігарам Луцкім:
"Тады мы выказалі яму ўсё, што набалела: і пра ліпавыя 80%, і пра катаванні на Акрэсціна. А галоўнае — пра замоўчванне праўды на экране! І ён абяцаў, што паступова мы прыйдзем да больш аб'ектыўнай падачы інфармацыі, што МУС кожны дзень будзе праводзіць брыфінгі і даваць справаздачу аб ходзе расследавання масавых збіванняў... І Я ПАВЕРЫЛА (тут можна смяяцца ў голас з наіўнай дурніцы). Але ўжо праз дзень на СТБ выйшаў чарнючы ролік пра Ціханоўскую... Нават стб-шны юрыст схапіўся за галаву ад адкрытай хлусні, якая магла мець юрыдычныя наступствы... А потым у рэчышчы падобнага паклёпу сталі рабіцца ўсе інфармацыйныя матэрыялы... Так што звальненне з СТб сёння — гэта спакойнае і ўзважанае рашэнне, ад якога стала лёгка дыхаць".
На працягу апошніх трох месяцаў з беларускіх тэлеканалаў звольнілася шмат супрацоўнікаў, у тым ліку такія медыйныя асобы, як Дзяніс Дудзінскі, Дзмітрый Кахно, Дзмтрый Семчанка. Масавыя звальненні нават прывялі да таго, што Аляксандр Лукашэнка запрасіў працаваць на БТ расійскіх журналістаў з Russia Today.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.