Мінінфарм дазволіў трансляваць Еўра-2024 без згоды УЕФА
Своеасаблівы адказ рэжыму на заходнія санкцыі
Мінінфарм дазволіў трансляваць Еўра-2024 без згоды УЕФА. Гэтую арганізацыю ўключылі ў пералік праваўладальнікаў перадач з замежнай дзяржавы, якая ажыццяўляе "недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі" (Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый зарэгістраваны ў Швейцарыі). Адпаведная пастанова міністэрства ў сераду апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней у РБ дазволілі пірацкія трансляцыі з турніраў FIFA і з чэмпіянату свету па пляжным футболе. Чэмпіянат Еўропы па футболе летам пройдзе ў Германіі.
Яшчэ ў пачатку мінулага года ў Беларусі прынялі закон, які дапускае выкарыстанне без дазволу аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці праваўладальнікаў з краін, "якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні" супраць Беларусі. Ён распаўсюджваецца на камп'ютарныя праграмы, фільмы, музычныя творы, тэлеперадачы і дзейнічае да 31 снежня 2024 года. Гэта своеасаблівы адказ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на заходнія санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.