З-за афрыканскай чумы ў некаторых раёнах ідзе поўны адстрэл дзікоў
Інфармацыю пра масавае знішчэнне гэтых жывёлаў пацвердзілі ў Лёзненскім і Аршанскім раёнах Віцебскай вобласці.
Як паведаміў naviny.by дырэктар Лёзненскага лясгасу Раман Селязнёў, гаспадарка атрымала ад раённых і абласных уладаў распараджэнне на поўны адстрэл дзікоў у сувязі з пагрозай афрыканскай чумы. “У нас ёсць усе дазвольныя дакументы”, — сказаў ён.
Паляўніцтвазнавец Аршанскага лясгасу Аляксандр Зязюлін таксама паведаміў, што дзікі ў лясах раёна “падпадаюць пад стоадсоткавую ўтылізацыю”. Камерцыйнае паляванне на дзікоў тут не арганізуюць, а дазваляюць усім паляўнічым з ліцэнзіяй адстрэльваць дзікіх свіней.
Адметна, што Міністэрства лясной гаспадаркі не давала распараджэнняў знішчаць дзікоў па ўсёй краіне. Начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Сяргей Шастакоў адмовіўся каментаваць унутраныя рашэнні мясцовых уладаў.
У Беларусі налічваецца болей за 80 тысяч дзікоў. Іх колькасць павялічваецца — яшчэ ў 2009 годзе іх было 56 тысяч, што ў паўтара разы перавышала аптымальную колькасць. Дзікі наносяць шкоду сельскай гаспадарцы. Каб адцягнуць іх увагу, некаторыя паляўнічыя гаспадаркі засяваюць спецыяльныя кармавыя палі для дзікіх жывёл.