За 40 км ад мяжы з Украінай будуюць новы вайсковы гарадок

Вайсковы гарадок пад Гомелем

Вайсковы гарадок пад Гомелем / svaboda.org

На тэрыторыі былога піянерскага летніка "Чайка" ў Гомельскім раёне будуць вайсковы гарадок. Фатаздымкі з будаўніцтва публікуе Радыё "Свабода".

Гэта месца прыблізна пасярэдзіне паміж Гомелем і Рэчыцай, да мяжы з Украінай адсюль вядзе асфальтаваная дарога. Праз 40 км размяшчаецца памежны пераход у Новай Гуце.

Як даведалася "Свабода", цяпер на месцы былога летніка знаходзіцца будаўнічая тэхніка, рабочыя пракладаюць там камунікацыі.

Пашпарт аб’екта, размешчаны на плоце былога летніка, паведамляе, што будоўля адбываецца паводле заказу Упраўлення капітальнага будаўніцтва Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Генпадрадчык — Гомельскі домабудаўнічы камбінат, будаўнічае ўпраўленне №243. Тэрміны будаўніцтва першай чаргі гарадка: кастрычнік 2023 — сакавік 2024 года.

Суразмоўца "Свабоды" не выключае, што вайсковы гарадок будзе разбудаваны таксама на тэрыторыі закінутых суседніх летнікаў — "Галактыка", "Лясная паляна", "Ліцейшчык". "Там пакуль не вядзецца ніякай дзейнасці, але "чужых" адтуль ужо выгналі. Напрыклад, з піянерскага лагера "Галактыка" выгналі аматараў страйкболу, якія раней там стала займаліся", — кажа крыніца "Свабоды".

Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў мяркуе, што ў гарадку размесяць гарнізон, задачай якога будзе прыкрыццё дзяржаўнай мяжы. "Па-мойму, у Беларусі пакуль абарончая ваенная дактрына засталася, у адрозненне ад расійскай. Але калі адбудзецца палітычнае аб’яднанне Беларусі і Расіі, тады дактрына зменіцца на наступальную. Тады гэта будзе вайсковая база для нападу", — разважае ён.

Жданаў не выключае, што гарадок могуць аддаць у карыстанне расійскім вайскоўцам, як гэта адбылося з аэрадромам у Зябраўцы (Гомельскі раён) і Вялікі Бокаў (Мазырскі раён). На яго думку, уздоўж мяжы з Украінай могуць з'явіцца яшчэ некалькі такіх аб'ектаў.

Былы беларускі афіцэр, які цяпер ваюе ў палку Каліноўскага ў каментары Свабодзе заявіў, што гэты вайсковы гарадок можа стаць перадавой базай пры магчымым нападзе на Украіну з поўначы.
 

За 40 км ад мяжы з Украінай будуюць новы вайсковы гарадок
Вайсковы гарадок пад Гомелем / svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі