За два тыдні з Латвіі ў РБ прывезлі 18 вагонаў з аўто ў абыход санкцый
Аўто, ілюстрацыйнае фота
За апошнія два тыдні з Латвіі ў Беларусь даставілі 18 вагонаў з люксавымі аўто. Усё гэта робіцца ў абыход еўрасаюзаўскіх санкцый. Атрымальнікам грузу з'яўляецца "гаманец Лукашэнкі" Аляксей Алексін, сцвярджае "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
Вагоны прыбылі з латвійскай станцыі Грыва на беларускую станцыю Орша-Заходняя. Яны прывезлі дарагія аўтамабілі марак Lamborghini, Porsche, Ferrari, Bentley і г.д. — агулам каля 90 машын. Атрымальнікам з'яўляецца кампанія "Энерга-Оіл", якая належыць Алексіну.
Паведамляецца, што новыя аўтамабілі пастаўляюцца ў Беларусь па пакуль яшчэ не забароненым шляху чыгункай. Потым іх выгружаюць у Оршы і далей на фурах вязуць пакупнікам — як правіла, у Расію, куды пастаўкі забароненыя санкцыямі ЕС.
Акрамя паставак з Грывы на Оршу-Заходнюю ёсць і запасны варыянт: машыны вязуць з Латвіі праз РФ у Казахстан, а адтуль яны ўжо едуць у Беларусь. Пры гэтым атрымліваецца дадатковы "крук" больш за 4200 км.
Чыгуначнікі называюць фірмы, якія фігуруюць у гэтай схеме:
Autorail cargo, UAB — экспедытар па Літве;
"Трансальянс-цэнтр" — экспедытар па РФ;
Alpik cargo, SIA — адпраўнік і экспедытар па Латвіі;
СЗАТ "Энерга-Оіл" — атрымальнік аўто ў Беларусі;
Бялесікаў Ігар Ігаравіч — нібыта атрымальнік аўто ў Казахстане;
"Фортэкс" — экспедытар у Казахстане;
Грунтуючыся на дакументах, чыгуначнікі сцвярджаюць, што латвійскія мытнікі разумеюць гэтую схему. Але фармальна паводле дакументаў нічога не парушаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.