За фінансаванне "экстрэмізму" і "тэрарызму" пачалі 80 крымінальных спраў — КДК

Сілавікі працягваюць пераследаваць людзей, якія пералічвалі данаты ў дабрачынныя фонды

Сілавікі працягваюць пераследаваць людзей, якія пералічвалі данаты ў дабрачынныя фонды / pixabay.com

У 2023 годзе ў Беларусі па матэрыялах органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю было распачата 80 крымінальных спраў, "звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкіх фарміраванняў і тэрарыстычных арганізацый". Пра гэта паведаміў старшыня КДК Васіль Герасімаў. Паводле яго слоў, устаноўлены адпраўнікі і атрымальнікі такіх сродкаў. Герасімаў адзначыў, што "асноўныя намаганні ў сферы стрымання каналаў фінансавання экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці былі сканцэнтраваныя на аналізе абароту крыптавалют і кантролі плацежных сервісаў розных электронных сістэм і сацсетак".

Год таму старшыня КДК распавёў, што па матэрыялах камітэта ў 2022-м пачалі 11 крымінальных спраў за "фінансаванне экстрэмізму і тэрарызму". Такім чынам, летась іх колькасць істотна вырасла.

Насамрэч, ніякага "фінансавання экстрэмізму і тэрарызму" не было. Гаворка пра людзей, якія пералічвалі данаты ў дабрачынныя фонды. Звычайна сілавікі ім прапаноўваюць адкупіцца ад крымінальнай справы: пераказаць суму, у дзесяць разоў (а часам і ў сотні) большую за данат, на рахунак якой-небудзь дзяржустановы. У 2024-м сілавікі ў Беларусі пад пагрозай рэпрэсій сабралі ў людзей, якія рабілі данаты, больш за $356 тысяч "добраахвотных ахвяраванняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі