За гады незалежнасці ў Беларусі стала на 200 помнікаў Леніну менш

У Міністэрстве культуры на пытанне аб колькасці помнікаў Леніну ў Беларусі толькі паціскаюць плячыма. Маўляў, адкуль нам ведаць? Адзінае, што можна падлічыць дакладна — гэта колькасць помнікаў, унесеных у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. У Мінкульце мяркуюць, што гэтага заслугоўваюць толькі самыя выдатныя экземпляры.

“У нас няма такой мэты — надаць усім аб’ектам, створаным за апошнія 40 гадоў, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такі статус надаецца найбольш каштоўным аб’ектам”, — гавораць ва Упраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Таму статус “недатыкальных” у Беларусі маюць толькі дзевяць помнікаў Уладзіміру Ільічу: сталічны з плошчы Незалежнасці, пінскі, брэсцкі, віцебскі, гомельскі, магілёўскі, салігорскі і помнік у Баранавічах. Усе іншыя, а іх у Беларусі каля 400, каштоўнасці не ўяўляюць і апякуюцца імі адно мясцовыя ўлады ды адміністрацыі прадпрыемстваў.

Маскоўскі культуролаг Дзмітрый Кудзінаў, які збірае інфармацыю аб помніках Леніну па ўсім свеце, расказвае, што ў Беларусі ўвогуле асаблівае стаўленне да спадчыны Ільіча. Такога няма ні ў Расіі, ні ў Казахстане, ні ў Малдове.

“Напэўна, Беларусь — гэта адзіная рэспубліка з былога СССР, дзе помнікі Леніну не зносілі цэнтралізавана. Практычна ўсе помнікі ў раённых, абласных цэнтрах захаваліся. Стаяць у цэнтрах гарадоў, захаваліся і нікуды не перанесеныя”, — расказвае Дзмітрый.

У калекцыі Кудзінава — больш за восем тысяч фотаздымкаў самых розных помнікаў Ільічу. Культуролаг гаворыць, што пачаў збіраць фота помнікаў не праз нейкія палітычныя перакананні. Хутчэй праз краязнаўчую цікавасць. З часам гэта перарасло ў даволі вялікі праект. На сайце Кудзінава сабраная статыстыка па помніках Леніну ў краінах былога СССР, а таксама па далёкім замежжы. Эксперт расказвае, што нават у Малдове, дзе доўгі час пры ўладзе былі камуністы, пасля распаду СССР помнікі Леніну прыбіралі з цэнтральных плошчаў.

“Таго, каб помнік заставаўся, там няма. Магчыма, помнік зносяць, магчыма, пераносяць у парк. Не так, як ва Украіне, альбо на пачатку 1990-х, калі тросам помнікі сцягвалі. Цяпер у Малдове іх ціха прыбіраюць падалей. У Казахстане таксама гэтак робяць з помнікамі Леніну”.

Прыбіраюць з цэнтральных плошчаў і вуліц помнікі Леніну і ў Расіі. Хоць у правінцыі да гэтага пакуль не дайшло. У нашых усходніх суседзяў захавалася каля 6000 Леніных (на пачатку 1990-х было 8000). На другім месцы пакуль Украіна, дзе пасля распаду СССР было 5500 помнікаў, а да сёння пакуль захавалася 1800 з іх. Трэцяе месца за Беларуссю — у нас захавалася 400 з 600 помнікаў. 300 Леніных засталося ў Казахстане, 200 —  у былых закаўказскіх і сярэднеазіяцкіх рэспубліках. 60 — у Малдове, 25 у краінах далёкага замежжа. А вось у балтыйскіх краінах усіх Ленінаў дэмантавалі амаль адразу пасля абвяшчэння незалежнасці. Цяпер пабачыць помнік кіраўніку сусветнага пралетарыяту можна хіба ў адмысловым музеі ў Друскеніках.

З гарадоў на першым месцы па помніках Леніну цвёрда стаіць Масква — тут іх ажно 101. На другім месцы Санкт-Пецярбург з 74 помнікамі, трэцяе, па дадзеных на пачатак года, пакуль у Харкава — 28. Але гэта, відаць, ненадоўга. У Беларусі больш за ўсё помнікаў Леніну захавалася ў Мінску — 16. Але на пачатку 1990-х першынство было ў Бабруйска — 22 помнікі. Да кастрычніка 2014 дажылі толькі 9 штук.

“Па вялікім рахунку, цяпер людзі не тое каб хочуць пакінуць помнікі. Маўляў, давайце пакінем помнік, бо Ленін — гэта такая значная фігура. Стаіць і стаіць. Большая частка людзей мяркуе, што з гэтымі помнікамі нічога не трэба рабіць. Але калі ўзнікне моцная сіла, якая палічыць, што зносіць трэба — то іх знясуць. Як цяпер робяць ва Украіне. Там людзям падаецца, што знос помнікаў нешта зменіць да лепшага. У такім выпадку трэба зносіць”, — мяркуе Дзмітрый Кудзінаў.

Пакуль жа Леніны стаяць збольшага спакойна. Асабліва ў Беларусі. Прынамсі, палова з помнікаў Уладзіміру Ільічу на постсавецкай прасторы выканана менавіта стоячы. “Сядзячых” зафіксавана толькі 225. Рэшта — бюсты і выявы Ільіча па пояс. Цікава таксама, што часцей за ўсё скульптары бачылі Леніна з выцягнутай (ці працягнутай, каму што бліжэй) рукой. Часам з кепкай, альбо ў кампаніі з іншымі дзеячамі свайго часу. А вось радзей за ўсё можна сустрэць Леніна ў шапцы. Такіх помнікаў ва ўсім свеце вядома толькі 18 штук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі