За год настаўнік, акрамя асноўнай працы, спісвае каля 150 старонак справаздач

За год настаўнік, акрамя асноўнай працы, спісвае каля 150 старонак справаздач

На рэспубліканскім педсавеце Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз абяцае вызваліць настаўнікаў ад лішняй папяровай працы.

“У мінулым годзе міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знятае. Аднак мне дакладваюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэтую праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю. Давайце канчаткова паставім кропку ў гэтым пытанні. Я намякаю на тое, што той хлам, які раней ішоў у школы, розныя адпіскі — гэта нікому не трэба”, — выказваецца кіраўнік краіны.

Што ж цяпер мусіць рабіць школьны настаўнік, у якога ёсць класнае кіраўніцтва? Даведкі на шматдзетныя сем’і, журналы, даведкі для сацыяльнага педагога і псіхолага. А таксама…

“Калі дзеці жывуць у прыватным сектары, трэба правяраць пажарны стан, датчыкі. Найбольш папяровай працы спачатку года. Бывае, што трэба было нейкія паперы запоўніць учора, а іх дасылаюць толькі сёння, калі нешта здараецца, трэба тэрмінова нешта запаўняць”, — распавядае Іван, настаўнік з Бабруйска.

Дадаткова класнаму кіраўніку трэба складаць акты аб жыллёвых умовах вучняў, напрыклад, глядзець, ці ёсць ў іх камп’ютарны стол і стул. Таксама настаўнікі водзяць вучняў у тэатры і на спартовыя мерапрыемствы. І гэта яшчэ не ўсё.

“Трэба рабіць сацыяльную характарыстыку класа, прасачыць, як справы ў шматдзетных сем’ях, трэба запаўняць планы выхаваўчай працы. Ёсць яшчэ такое, калі за настаўнікамі замацоўваюць пэўны дом, і яны адсочваюць, дзе вучацца гэтыя дзеці”, — дадае настаўніца з мінскага раёна Вольга.

У мінскіх настаўнікаў цяпер ёсць новая задача: уносіць праз адзіную плацежную сістэму дадзеныя аб тым, якія дзеці ўнеслі аплату за харчаванне, якія — не. Рабіць гэта трэба кожны дзень.

Настаўнік, у якога ёсць класнае кіраўніцтва, піша па 1 старонцы тэксту раз на 2 дні, калі ўзяць усе паперы. Такі аб’ём працы Еўрарадыё вылічвае пасля рамзоваў з 10 настаўнікамі з розных куткоў Беларусі. Гэта каля 150 старонак на год. У рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, які пісьменнік ствараў каля трох гадоў, каля тысячы старонак. Настаўнік такі ж аб’ём напіша за 6,5 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі