За падпал "Табакеркі" мужчыну прысудзілі тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму
Суд горада Жодзіна 26 красавіка прызнаў Сяргея Лаўкайціса вінаватым у хуліганстве (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", прычынай стаў падпал шапіка "Табакеркі".
Здарэнне адбылося ў Жодзіне 5 снежня. Паводле звестак следства, з 23:15 да 23:23 Лаўкайціс абліў "Табакерку" гаручай сумессю з чатырох загадзя падрыхтаваных пластыкавых бутэлек. Пасля гэтага ён падпаліў шапік.
Лаўкайціса затрымалі адразу ж, а “Табакерку” патушылі. Агульная шкода ацэненая ў 341 рубель 12 капеек, што склала на момант злачынства 12,63 базавай велічыні.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскайваецца ў зробленым.
На судзе адвакат заявіў, што гэты ўчынак быў вынікам аператыўнага эксперыменту, і папрасіў даць пакаранне без рэальнага зняволення.
Аднак суддзя Іван Грышкевіч вынес тое пакаранне, якое прасіў бок абвінавачання, — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.