За правалы ў еўракубках футбалістам у Беларусі збіраюцца знізіць столь заробкаў
Разгром БАТЭ ад "Шэрыфа" ў адборы Лігі Еўропы
За правалы ў 2023-м у еўракубках футбалістам у Беларусі збіраюцца знізіць столь заробкаў, паведамляе "Зеркало". Дакумент пра такія планы ўрада атрымала арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL. У адпаведнасці з ім, Саўмін збіраецца ўнесці змены ў сваю пастанову № 383 ад 16 траўня 2013 года "Аб рэгуляванні аплаты працы работнікаў клубаў па гульнявых відах спорту, якія атрымліваюць падтрымку". Пасля гэтага прыкметна знізяцца максімальныя заработныя платы футбалістаў, якія выступаюць за беларускія клубы і нацыянальную зборную, а таксама трэнераў і іншых супрацоўнікаў. Напрыклад, у гульцоў клубаў — з 6800 да 4900 рублёў, у гульцоў зборнай — з 18000 да 15000 рублёў, у галоўных трэнераў — з 14100 да 9800 рублёў, у іншых трэнераў, адміністратараў, лекараў і г. д. — з 5600 да 3200 рублёў.
Яшчэ летам была створана рабочая група на чале з віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам, якая падрыхтавала аналіз стану і становішча спраў у беларускім футболе і па яго выніках выступіла з прапановай аб зніжэнні заробкаў.
Папярэдняе зніжэнне столі заробкаў здарылася ў пачатку 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.