За раздачу ўлётак каля "Гранд Кушавеля" актывістаў аштрафавалі на 125 базавых
20 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў, якіх затрымалі напярэдадні каля рэстарана "Гранд Кушавель" — Леаніда Кулакова, Вольгі Нікалайчык і Маі Наумавай. Ноч перад судом яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Да затрымання актывісты паспелі раздаць некалькі ўлётак. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Маю Навумаву і Вольгу Нікалайчык аштрафавалі на 40 базавых велічыняў кожную (980 рублёў), Леаніда Кулакова — на 45 базавых (1102,5 рубля). Агулам яны мусяць заплаціць 3062,5 рубля.
У гэтым жа судзе разглядалі справу Ніны Багінскай за пікет каля рэстарана "Поедем поедим". Яна на суд не прыйшла. Завочна Багінскай прысудзілі штраф у 30 базавых (735 рублёў).